IOWA, «Без білета», Swanky Tunes выступяць на Браслаўскіх азёрах

21-22 ліпеня на возеры Дрывяты адбудзецца фэстываль «Viva Браслаў-2017», які прэтэндуе на тое, каб стаць галоўным летнім оўпэн-эйрам Беларусі. Сталі вядомыя імёны выступоўцаў, якія ўзначаляць мерапрыемства.

Гурт IOWA (Беларусь)

Гурт IOWA (Беларусь)

У канцэртным марафоне возьмуць удзел IOWA, Swanky Tunes, «Без білета», Feel ды і іншыя.
«Добры фэст — гэта найперш атмасфэра. Мы адбіралі самыя сонечныя, самыя танцавальныя калектывы розных стыляў і кірункаў. Будзе возера Дрывяты і пляж, шмат спорту і забаў. Мы гатовыя ператварыць Браслаў у беларускую Ібіцу», — адзначаюць арганізатары імпрэзы.
Музычная канцэпцыя фэстывалю «Viva Браслаў» — спалучэнне якаснай поп/рок-музыкі і электроннай танцавальнай музыкі EDM. З прадстаўнікоў поп-кірунку абвешчаныя хітмэйкеры IOWA з хітамі «Б’е біт», «Маршрутка», «Усьміхайся». Іх падтрымаюць танцавальныя рамантыкі «Безь білета» і маскоўскі рок-гурт «Чайка».
EDM-праграму ўзначальваюць Swanky Tunes — расійскі электронны калектыў, які ўвайшоў у сусветны топ-100 паводле вэрсіі DJ Mag. Беларусь у гэтай частцы праграмы будуць прадстаўляць DJ Mikis і калектыў Ucast, удзельнікі якога паспяхова выступаюць у Эўропе і ЗША.
Летась музычны фэст у Браславе сабраў амаль 15 тысяч гледачоў і ўвайшоў у лік галоўных летніх мерапрыемстваў. Гэта адзіная буйная імпрэза ў краіне з пляжам, вялікай спартыўнай праграмай і намётавым гарадком.
Фестывальная пляцоўка і кемпінг адкрыюцца ў сярэдзіне дня 21 ліпеня, асноўная праграма будзе доўжыцца ад 10-й раніцы 22 ліпеня да 5-й раніцы 23 ліпеня.
«Кожны год мы павышаем узровень артыстаў, якія прыяжджаюць на фэстываль. Сёлета таксама зробім дадатковы акцэнт на напаўненне і афармленне самой фестывальнай пляцоўкі. Будзе шмат забаў і разнастайных зонаў: на вадзе, на сушы і нават у паветры», — адзначаюць арганізатары фэсту.
Радыё «Свабода»