ЯК СПРАВЫ? Гурт «Веласіпедыстаў»: У новым альбоме будуць песні на вершы Кулінковіча, якія яшчэ ніхто не чуў

Гурт «Веласіпедыстаў» стварыў Аляксандар Кулінковіч — лідар легендарнага «Нейра Дзюбеля». Сёння ў складзе гурта граюць Дзяніс Кукоўскі (гітара), Яўген Броўка (джамбэй, бас-гітара, вакал), Насця Мурашка (скрыпка) і Андрэй Сцепанюк (бубны).

_velasipedystau__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__4__logo.jpg


— Такім чынам, як справы?
— У цэлым, нармальна. Жывыя, здаровыя, займаемся любімай справай!
— Прыгадаем трошкі гісторыі. Як з’явіўся гурт і чаму менавіта «Веласіпедыстаў»?
Дзяніс: — Наконт назвы — гэта да Сашы (Аляксандр Кулінковіч — НЧ). Гэта яго назва, як і сама ідэя гурта. Справа ў тым, што ў «Нейра Дзюбеля» шмат песень, якія не граліся, у электрычны фармат яны не падыходзілі. А жаданне граць іх было вялікае. Ну, і Саша яшчэ вельмі хацеў, каб было нешта такое хатняе, для душы, пад гітарку. Спачатку ён патэлефанаваў і спытаўся, ці ёсць у мяне акустычная гітара і жаданне штосьці паспрабаваць. Я адказаў, што будзе, і мы пачалі. Думалі, што на гітары яшчэ будзе Юра Навумаў, але ён вельмі павольна наведваў рэпетыцыі. А потым Саша прыгадаў, што ў Жэні (Яўген Броўка — НЧ) ёсць джамбэй і можа халера з ёй, з другой гітарай. А Жэня прапанаваў скрыпку яшчэ паспрабаваць. І атрымалася так цёпла, сямейна і душэўна.

Дзяніс Кукоўскі

Дзяніс Кукоўскі

Насця: — Жэня мне пазваніў і пачаў здалёк: ці не супраць я паграць пад гітарку з Сашам. Калі я пачула «з Сашам», вельмі расхвалявалася, але вырашыла паспрабаваць. Вельмі хвалявался і калі ўпершыню прыйшла на рэпетыцыю. Саша паказаў тэкст, гэта была «Ночь уже далека», Дзяніс пачаў падбіраць акорды, я ўзяла скрыпку і неяк так атрымалася... Мяне накрыла вельмі цудоўная і родная атмасфера. Саша тады сказаў «Мне падабаецца. Гэта ідэальна!» Так я і засталася.

Насця Мурашка

Насця Мурашка

Андрэй: — Першая ідэя зрабіць акустычны калектыў у нас з Сашам была яшчэ ў 1994 годзе, калі песні, якія ўвайшлі ў самыя першыя альбомы, стала амаль немагчыма граць у «электрычнасці». Ну, вось, не тое атрымлівалася. Юра Навумаў быў на гітары, я на нейкіх бонгах і ў мяне быў яшчэ гармонік. Мы зрабілі «Ехали уроды на поминки» і «Я еще теплый». Дарэчы, нас тады запрасілі на перадачу ў Хрусталёва, у якой прымаў удзел Юра Хой і яго «Сектар Газа», і мы там гэтыя песні сыгралі. Але далей справа не пайшла. Можа, таму што не было добрага інструменту, ды і мне вельмі не хацелася граць у акустыцы.

Андрэй Сцепанюк

Андрэй Сцепанюк

— Ці можна казаць, што «Веласіпедыстаў» Кулінковічам задумваўся нейкай своеасаблівай аддушынай ад «Нейра Дзюбеля», які ўжо быў досыць вядомы.
Дзяніс: — Менавіта так. Але ж адно аднаму не перашкаджала, хаця ў «дзюбелей» пэўная рэўнасць была. Андрэй нават спачатку хадзіў на ўсе нашы канцэрты і хваляваўся, каб прыхільнікаў «Веласіпедыстаў» не было больш, чым у «Нейра Дзюбеля». Потым ужо стала бачна, што шмат каму хочацца і на «Нейра Дзюбеле» паскакаць, і на «Веласіпедыстах» выпіць і паплакаць. Дарэчы, гэтая Сашава фраза «выпіць і паплакаць» — неафіцыйны дэвіз гурта.

_nascja_muraszka___velasipedystau__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg


— Перыш альбом гурта ўбачыў свет толькі ў 2019 годзе. Раней размовы аб запісу не ішлі?
Дзяніс: — Спачатку не. Саша казаў, што мы выключна канцэртны гурт, хочаце пачуць — прыходзьце. Потым цягам часу ўсім стала зразумела, што альбом патрэбны, і тым чорным летам 2018 года Саша быў таксама згодны на запіс. Але здарылася гэтая трагедыя (смерць Кулінковіча — НЧ), і альбом мы запісвалі ўжо без яго. Атрымалася як атрымалася і, на мой погляд, вельмі нядрэнна.

_velasipedystau__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__5__logo.jpg


— Так, сапраўды, атрымалася добра. «Веласіпедыстаў», можна казаць, такі вось невялікі, «камерны» гурт «для сваіх». А ці былі амбіцыі да якіх-небудзь вялікіх пляцовак ці фэстаў?
Яўген: — У акустыцы дакладна не, а вось у «электрычнасці» ўсё можа быць.
Дзяніс:— Канкрэтна ставіць пытанне прыкладу «Хачу на Дынама!», з аднаго боку, глупства, а з іншага — дрэнны той салдат, які не марыць стаць генералам. Калі будзе нейкая цікавая прапанова — мы з задавальненнем! Заўсёды адкрытыя да гутаркі.

_velasipedystau__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo.jpg


Андрэй: — Цяпер з канцэртамі ў Беларусі наогул вельмі цяжка. Займацца рок-музыкай у такіх умовах бессэнсоўна — усе спробы зрабіць нейкае мерапрыемства спыняюцца на стадыі атрымання «гастролек». Такое ўражанне, што ўлада баіцца рок-канцэртаў. А «Руки Вверх», Саладуха на Мінск-Арэне — гэта калі ласка.
Яўген: — Вось калі б мы гралі каверы — то квітнелі.
Андрэй: — Так, сапраўды. Дзіўная сітуацыя — на невялікіх фестывальчыках летась паўсюль на сцэнах гралі кавер-бэнды, а арыгінальных рок-гуртоў амаль і не было. У мяне пытанне — каму цікава слухаць чужыя песні ў чужым выкананні? З чым гэта звязана я магу толькі здагадвацца.

_velasipedystau__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo.jpg


— За два гады гурт страціў двух вакалістаў (у жніўні 2018 памёр Аляксандр Кулінковіч, у верасні 2020 — Юрый Навумаў — НЧ). Лічаныя гурты пасля такіх страт працягвалі творчую дзейнасць ды ўвогуле развіваліся. Што ўтрымала гурт ад развалу?
Дзяніс: — Асабіста ў мяне, калі памёр Саша, першая думка была «Ну, усё...» Я месяца два не кранаў гітару. Першым штуршком да аднаўлення стаў той вялікі канцэрт памяці Сашы. А потым мы сабраліся і вырашылі... Ну, а чаму не? Саша хацеў, каб яго песні жылі. І хто, як не мы, здолеем гэта зрабіць? Так і працягваем.

Юрый Навумаў

Юрый Навумаў

Яўген: — Я папрасіў Юру Навумава стаць на мікрафон каб уся гэтая справа не загінула. Былі пэўныя складанасці, але канцэрты аднавіліся, запісалі добры альбом.

_jura_navumau___velasipedystau__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg


Дзяніс: — Калі не стала Юры, то пытанняў аб спыненні не было. Раней здаралася, што Юра не прыходзіў на рэпетыцыі і мікрафон браў Жэня. Таму калі з Юрам адбылася трагедыя, Жэня наўпрост стаў на яго месца.Песень шмат, нашым слухачам падабаецца — навошта гэта губляць?

_velasipedystau__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg


— Дагэтуль гурт выконваў песні на вершы Аляксандра Куліновіча. А ці ёсць у вас ужо «свой» матэрыял?
Яўген: — Так, ёсць. Амаль на палову альбому. Зараз мы рыхтуемся да запісу другога альбому, і там траціна песень будзе на мае вершы. Так што калі альбом не спадабаецца — гэта ўсё з-за мяне (смяецца).

Яўген Броўка

Яўген Броўка

Дзяніс: — У новым альбоме будуць песні на вершы Кулінковіча, якія яшчэ ніхто не чуў і не ведаў. Выпадкова знайшлася папка з тэкстамі, якія ён пісаў менавіта для «Веласіпедыстаў», мы паклалі іх на музыку і, будзем спадзявацца, вы хутка іх пачуеце. Некаторыя тэксты яшчэ з 1999-2000 гадоў. Матэрыялу хапае, і гэты альбом будзе ўвесь «электрычным».
Андрэй: — Дзіўна яшчэ, што некаторыя песні былі толькі пачатыя. Адзін ці два куплета. Жэня дапісваў іх сам, стылізаваў. Можна сказаць, займаўся своеасаблівай рэстаўрацыяй. Вершы вельмі добра паклаліся на музыку, гучанне будзе выдатным.

_velasipedystau__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg


— Праект спачатку задумваўся як акустычны, а зараз ён існуе ў двух варыянтах — акустычным і электрычным. Хочаце сысці цалкам у «электрычнасць»?
Дзяніс: — Катэгарычнае не! Людзі ўжо пыталіся пасля першых электрычных канцэртаў. Будзе і так, і так. Будуць акустычная і электрычная праграмы. Дарэчы, яны будуць адрознівацца па зместу. А наконт электрычнасці — гэта Жэня распавядзе...
Яўген: — Я люблю цяжкую музыку, калі гэтак «дж-дж-дж» (смяецца).

Дзяніс Кукоўскі

Дзяніс Кукоўскі

Дзяніс: — Ні для каго не сакрэт, што цяпер гурт «Нейра Дзюбель» — напалову фантом. Яны нібыта з’яўляюцца, але ж зусім зрэдку. А людзі жадаюць чуць і той рэпертуар. Так чаму бы і не? Вось і зрабілі. Тады яшчэ і Юра быў — ён згадзіўся. Андрэю прапанавалі — ён таксама не супраць.
— Андрэя доўга ўгаворвалі вярнуцца за бубны?

Яўген: — Не, мы сказалі, што грошай будзе шмат зарабляць — ён і пайшоў. Падманулі, канешне! (смяецца)
Андрэй: — Ды не, я доўга не разважаў. Я бачыў, што гэта жыццездольны калектыў, у адрозненні ад «Нейра Дзюбеля» ў яго апошнюю стадыю існавання. «Нейра Дзюбель» — застылая легенда, якая можа працягваць менавіта ў тым выглядзе, які зараз існуе. Гэта таксама важна — легенда павінна жыць, гэта трэба захаваць. «Веласіпедыстаў» рэгулярна рэпетуюць, пастаянна штосьці новае, рухаюцца наперад. Я і згадзіўся на іх прапанову — хочацца граць. Не магу без рок-н-рола. Я на пэўны час адышоў ад музыкі, жыў у вёсцы, і калі прыйшла гэта прапанова — як глыток свежага паветра зрабіў. А калі адыгралі першы канцэрт, я адчуў, што вось яно — новае жыццё, дзеля гэтага варта жыць.
— Як вы можаце вызначыць стыль ці напрамак, у якім граюць «Веласіпедысты»?
Яўген: — Нельга ж было вызначыць музычны напрамак «Нейра Дзюбеля». Што гэта — панк ці цяжкі рок? Гралася тое, што гралася, ад джазу да хардкору. Так і ў нас. Будзе гучаць і рэгі, і часам брытанскі рок, і панк... Канкрэтных рамак няма.
Дзяніс: — Рок-н-рол. Усё гэта рок-н-рол! Мы не заціснуты ў рамкі і дзякуй Богу!