Як намаляваць слова. Сучасная беларуская дзіцячая кніга

Cёння, 17 верасня, а 19.30 у памяшканні Мемарыяльнага музея-майстэрні З.І. Азгура (вул. З. Азгура, 8) мае адбыцца ўрачыстае адкрыццё выставы “ЯК НАМАЛЯВАЦЬ СЛОВА. Сучасная беларуская дзіцячая кніга”. У адкрыцці бяруць удзел мастачка Марта Герашчанка, паэтка, аўтарка кніг Вольга Гапеева, электронны музыка Улад Бубен і электронны музычны праект AORTHA.



afisha1_800x5651.jpg

У межах выставы 17 верасня 2014 г. а 18/30 пройдзе круглы стол “Несур’ёзная размова пра сур’ёзную літаратуру” і прэзентацыя пераможцы Пятага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! буктрэлера да  кнігі “Сумны суп”.

 

Мемарыяльны музей-майстэрня З.І. Азгура сумесна з Грамадскай культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!” запрашаюць на выставу ілюстрацый Марты Герашчанкі да кніг Вольгі Гапеевай “Сумны суп” і “Дзве авечкі”.

Кніга “Сумны суп” (выдавецтва “Галіяфы”, 2014) – гэта гісторыі для дарослых дзяцей і маленькіх дарослых. Тут магчыма ўсё: слоўнікі дапамагаюць парасонам, гузікі шукаюць сэнс жыцця, а вожыкі спрабуюць знайсці адказ на пытанне, якое іх даўно хвалюе, – навошта лічыць авечак. За звычайнымі, здавалася б, размовамі і ўчынкамі герояў хаваюцца філасофскія думкі і разважанні, да якіх можа далучыцца кожны, хто прачытае новую кнігу Вольгі Гапеевай з ілюстрацыямі Марты Герашчанкі.

Кніга “Сумны суп” выйшла з друку дзякуючы намаганням Саюза беларускіх пісьменнікаў і кампаніі “Будзьма беларусамі!” і з’яўляецца пераможцам літаратурнага конкурсу “Экслібрыс”, арганізаванага Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Беларускім ПЭН-цэнтрам.

Кніга “Дзве авечкі” (выдавецтва “Логвінаў”, 2014) – гэта забаўныя гісторыі пра дзвюх авечак-сябровак і пра іх прыгоды. Паэма для дзяцей і дарослых, якія не перасталі ўспрымаць свет дзіцячымі вачыма. Вольга Гапеева распавядае тры гісторыі, галоўнымі геройкамі якіх з’яўляюцца дзве авечкі. Тут знойдзецца месца для захапляльных падарожжаў і новых сяброў. Выдатныя ілюстрацыі Марты Герашчанкі дапамагаюць стварыць чароўную атмасферу казачнага свету. У якасці дадатку ў кніжку ўключаны ілюстрацыйны слоўнік, які можа выкарыстоўвацца як лемантар.

Падчас правядзення выставы ў Мемарыяльным музеі-майстэрні З.І. Азгура запланаваны шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на прамоцыю сучаснай культуры і літаратуры, у тым ліку:

  • 17 верасня 2014 г., 18/30 – круглы стол “Несур’ёзная размова пра сур’ёзную літаратуру” з публічным абмеркаваннем і дыскусіяй на тэму сучаснай дзіцячай літаратуры з удзелам:

-           паэткі, перакладчыцы, літаратаркі, даследчыцы, кандыдаткі філалагічных навук, аўтаркі кніг “Сумны суп” і “Дзве авечкі” Вольгі Гапеевай;

-          мастачкі, мультыплікатаркі, дызайнеркі, аўтаркі ілюстрацый да кніг Марты Герашчанкі;

-          паэткі і пісьменніцы, даследчыцы дзіцячай літаратуры, кандыдаткі філалагічных навук Джэці (Вера Бурлак);

-          мадэратар – культурны аналітык, даследчык, кандыдат філасофскіх навук Максім Жбанкоў.

budzma.by__wp_content_uplo_3f534e073fe808db90f66ff06b81e33d.jpeg

  • 17 верасня 2014 г., 19/15 – прэзентацыя пераможцы Пятага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! – дыплом за 3-е месца ў намінацыі “Інтэрактыўная рэклама” за буктрэлер да  кнігі “Сумны суп” (аўтаркі – Вольга Гапеева і Марта Герашчанка);

  • 17 верасня 2014 г., 19/30 – урачысты вернісаж з удзелам музыкаў Улада Бубена і музычнага праекта AORTHA.

  • 20 і 21 верасня 2014 г., 14/00 – ўорк-шопы, прысвечаныя дзіцячаму інтэрактыўнаму кніжнаму малюнку:

Ўорк-шоп 1. Робім паштоўку

На гэтым майстар-класе кожны ахвочы зможа зрабіць паштоўку з казачным героем з падручных матэрыялаў. Для пачатку самі паспрабуем зрабіць штосьці незвычайнае і пераканаемся, што для нашай справы падыдзе абсалютна ўсё, што ёсць пад рукой. Пасля гэтага зробім калючага, мяккага ці пухнатага героя на нашай паштоўцы. Яе можам размаляваць і падпісаць. Майстар-клас будзе цікавы дзецям дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Будзем працаваць з паперай, падручнымі матэрыяламі, аздабляць і ляпіць.

Узрост удзельнікаў ад 6 гадоў. Прыкладны час – 1 гадзіна

budzma.by__wp_content_uplo_144ba59dc960c21ec74c1aa2885a39cf.jpeg

Ўорк-шоп 2. Робім старонку кніжкі

За невялікі прамежак часу мы ўзгадаем любімыя казкі, абярэм лепшыя сцэны і паспрабуем іх праілюстраваць. Але замест звычайнага малюнка мы будзем ствараць інтэрактыўную аб’ёмную старонку кнігі ў стылі поп-ап. Усё будзем рабіць сваімі рукамі: герояў, канструкцыю, дэкарацыі. Майстар-клас будзе цікавы дзецям ад 10 гадоў. Будзем працаваць з паперай, выразаць, канструяваць, маляваць і ляпіць.

Узрост удзельнікаў ад 10 гадоў. Прыкладны час – 1,5 гадзіны.

Выстава прадоўжыцца па 18 кастрычніка 2014 г.

Кантакты:

Мемарыяльны музей-майстэрня З.І. Азгура

вул. З.Азгура, 8, г. Мінск

тэл.: +375–17–3800632

http://www.azgur.by/
budzma.by