«КРАМА» прадставіла новага гітарыста і аб’явіла аб вяртанні з вялікім і моцным канцэртам

Легенда беларускага року адсвяткуе 30 красавіка двайны юбілей: 25-годдзе альбома «Гэй, там, налівай!» і першай рок-кароны. А Ігар Варашкевіч будзе граць на электрагітары!

krama_3_1.jpg

Гурт «Крама» вяртаецца пасля невялікага перапынку: з новым гітарыстам, новымі песнямі, пазнавальным саўндам і моцнай праграмай. 30 красавіка ў рэстаране-піваварні «Сябры» легенда беларускага року сыграе вялікі канцэрт з праверанымі хітамі і новымі песнямі, што прыадкрыюць таямніцу, як будзе гучаць новы альбом, які пабачыць свет ужо вельмі хутка. Музыкі адсвяткуюць і два юбілеі: сёлета спаўняецца 25 гадоў культаваму альбому «Гэй, там, налівай!» і першай рок-кароне, якую «Крама» атрымала па музычных выніках 1994 года на самай першай цырымоніі.
За час адпачынку да гурта далучыўся новы гітарыст Андрэй «Кравец» Краўцэвіч, вядомы па калектывах The Stokes, Flammable, StereoТипы, Top Gun і сумесным праекце з Ігарам Варашкевічам «Los Bulbas».
«З Краўцэвічам усё атрымліваецца вельмі натуральна і лёгка! — дзеліцца ўражаннямі нязменны лідар «Крамы» Ігар Варашкевіч. — Мы ўвогуле не дамаўляліся, хто і што будзе граць, а проста пачалі рэпетаваць, і музыка пакацілася, як Rolling Stones))».
Адметна, што ў абноўленай «Краме» будуць адразу два гітарысты і зусім новыя партыі! Сваё валоданне электрагітарай, а не толькі акустыкай і гармонікам, нарэшце прадэманструе і франтмэн.
«Гук, безумоўна, зменіцца, тым больш, што і я буду граць на электрагітары, — анансуе Варашкевіч. — Паколькі такая музыка прадугледжвае як мінімум дзве гітары, то гучаць усё будзе мацней. Дарэчы, такі гук ужо быў у нас з 1994 па 1996 год, калі я граў на гітары разам з Іллём Шэўчыкам».
Узмацніцца не толькі гук. Новую танальнасць набудуць і тэксты, якія да новых песень стварыў небезвядомы Фелікс Аксёнцаў — аўтар славутых хітоў гурта ULIS «Пляц Францыска», «Радыё Свабода», «Краіна доўгай белай хмары».
«Фелікс выпадкова адгукнуўся ў Facebook — тлумачыць Ігар Варашкевіч. — Спачатку ішла праца над сольным альбомам, таму і патрэбны быў свежы погляд на тэксты, але пасля сыходу Сяргея Трухановіча ідэя новага праекта знікла. А паколькі астатнія музыкі засталіся і ўсе песні пісаў я, то мы вырашылі запісаць новую праграму як «Крама», тым больш, што стылёва яна не адрозніваецца ад старых альбомаў».Пазнавальная лірыка Фелікса Аксёнцава, безумоўна, адбілася на новых песнях:
«Тварам у брук! — Брук! Алес іст гут! — Гут! Бо па бруку рушыць наш магутны цуг», — пачуеце 30 красавіка ў новым трэку пад працоўнай назвай «Паліцэйскі рок-н-рол».
Дзе: Рэстаран-піваварня «Сябры» (вул. Кульман, 40) Калі: 30 красавіка 19.00 Квіткі: у касах горада і праз аператараў Kvitki.by і TicketproІнфалінія: 44 5517706, 29 8517706
Паводле прэс-рэлізу