"Kriwi" рыхтуе альбом у стылі беларускага "эротык-этна"

Пяты студыйны поўнафарматнік слыннага беларускага этна-гурта мае выйсці ў 2015-м.



9b8fb465_9cbf_4ffa_9e0d_bc980f1b36af_w640_r1_s.jpg

Як паведаміла парталу Tuzin.fm Вераніка Круглова, увесь матэрыял да новага альбому ўжо гатовы, запіс у студыі «Осмос» ужо распачаўся. У пакуль безназоўны дыск увойдуць апрацоўкі народных песень. Сярод іх спевы «Нарубаю клёну», «Там за лугам зеляненькім», «Гутата», «Каля гаю» ды іншыя. Адметнасцю дыску будзе тое, што ў ім будуць раўназначна саліраваць тры асобы. Акром Веранікі, гэта Наста Хмель, колішняя вакалістка гурта «Джамбібум» і Валерыя Валадзько з гурта "Harotnica", якая спявае на бэк-вакале ў «Крыві» з самага маленства. У плане аранжыровак альбом будзе прасцейшым, чым мінулы «Traukamurauka». Дзяўчаты жартаўліва называюць цяперашні стыль каманды «эротык-этна». Разам з імі над запісам новых песень працуюць скрыпач Карэн Карапецян, бітбоксэр Дзяніс Жураўлёў, басіст Ціхан Золатаў і бубнач Аляксей Золатаў. 

Выдаць новы дыск "Kriwi" мяркуе цягам 2015 года. Яму будзе папярэднічаць самотнік, які музыкі прэзентуюць на партале Tuzin.fm

Tuzin.fm