Купалаўцы зруйнавалі ўмоўнасць. Яны цяпер — жыццё
Чамусьці цяпер, калі ў прэсе кажуць пра Купалаўскі тэатар, які сёння адсвяткаваў
стагоддзе, дадаюць азначэнне «разгромлены», — разважае спадарыня Ганна на Радыё Свабода.
З пункту гледжання публіцыстычнага тэксту яно, здавалася б, і правільна: той Купалаўскі, куды можна было рэспектабельна прыйсці па набытых квітках, прайсціся па фае і калідорах, сесці ва ўтульныя крэслы і глядзець спектакль, аздоблены апошнімі тэхнічнымі навінкамі мадэрнізаванай сцэны — сапраўды разгромлены.
Але з пункту гледжання праўды жыцця — Купалаўскі сёння жывы, як ніколі.
Я глядзела першы пасля разгрому купалаўскі ролік: пазбаўленыя сцэны акцёры чытаюць «Сымона-музыку» Коласа.
Поле, неба, вецер, шэсць жалезных бочак — іх дэкарацыі. Суровы барабанны рытм — іх музычнае афармленне. Паўсядзённыя простыя строі — іх касцюмы. Жывыя твары бяз грыму. І тэкст — прачытаны ўсімі разам, калі ўсе — як адзін. Ніякіх роляў, ніякіх амплюа, ніхто не першы, ніхто не апошні, агульны голас Купалаўскага тэатру, адзін — на ўсіх, як у антычным хоры.
Шэкспір казаў некалі: «Увесь свет — тэатр, а людзі ў ім — акцёры». Часы цяпер змяніліся. Купалаўцы сведчаць: тэатр — гэта ўвесь свет, і акцёры ў ім — людзі. Умоўнасць тэатральнай пастаноўкі, сімволіка касцюмаў, чаргаванне мізансцэн і прыёмаў, музычныя і відэаэфекты, усё тое, што адмяжоўвае сцэну ад жыцця — цяпер не існуе, бо непатрэбна. Жыццё цяпер павінна прамаўляць менавіта так — само за сябе.
Ці ёсць сярод п’ес, напісаных для тэатраў, п’еса болей драматычная, чым тая, якая была складзена самім жыццём? Гэты сюжэт разгортваўся на нашых вачах, імкліва і ўзрушальна, і адарвацца ад яго было немагчыма: звальненне дырэктара, салідарнасць трупы, сцягі на даху, заблакаваныя дзверы, акцёры на вуліцы, заявы на звальненне, варта Спеўнага сходу пад сцэнамі, адмена тэатральнага сэзону, і ўсё гэта ў юбілейныя дні! Хацеў бы — не прыдумаў. Ці ёсць сярод шматлікіх герояў і гераінь колішніх пастановак такія безумоўныя героі, шчырыя і сапраўдныя ў кожным сваім учынку, у кожным сваім слове — і ў сваёй роспачы, і ў сваім жалю, і ў сваёй жывой, а не ўмоўнай нескаронасці? Напісаў бы такіх — сказалі б, у жыцці так не бывае. Занадта гераічна. А яно, аказваецца, бывае.
У юбілейным выступе купалаўцаў, першым онлайнавым выступе нібыта разгромленага тэатра, мяне моцна ўразілі іх галасы. Той Купалаўскі, куды мы хадзілі раней, заўсёды вылучаўся асаблівай стылістыкай сцэнічнага маўлення: акцёры на сцэне заўсёды прамаўлялі гучна, і не баяліся сарвацца нават на крык. Ранейшае купалаўскае слова на сцэне заўсёды цяжка важыла. Цяпер яны чытаюць «Сымона-музыку» ціха. Ім не трэба перакрываць словам дэкарацыі, касцюмы, тэхніку і электроніку. Яно важкае, нават калі шэптам.
Я цяпер бачу на гэтай купалаўскай сцэне, той, дзе поле, неба і вецер, іх саміх, жывых людзей з іхным болем і іхнай пакутай, якая цяпер у нас — адна на ўсіх. Не прыдуманых гераінь чужых п’ес, а мужчын і жанчын, што жывуць з намі побач нашым жыццём: збіваюць ногі на маршах, бягуць ад аўтазакаў, становяцца ў счэпкі, вагаюцца на эмацыйных арэлях ад «нас усіх расстраляюць» да «мы пераможам» — і чытаюць «Сымона-музыку», нібыта гэта не тэкст, які напісаў сто гадоў таму школьны класік, а вой ветру альбо гул далёкага бору. Яно менавіта такое, нашае жыццё, тэатар нічога не прыдумаў, але сканцэнтраваў і паказаў нам самім — без усялякай тэатральнай умоўнасці.
Я ведаю, што менавіта пра такі тэатар марылі Чэхаў, Брэхт, Купала, Вампілаў — каб ён быў як жыццё. І ўсё адно ані драматургі, ані тэатральныя рэжысёры не маглі пазбегнуць умоўнасці тэатральнай сцэны. Купалаўцы зруйнавалі ўмоўнасць. Яны цяпер — жыццё.
Я любіла і той Купалаўскі, неразгромлены. Але разгромленым я люблю яго яшчэ больш. Ён цяпер як мы — спакутаваны, пасталелы адразу на дзясяткі год, стомлены, устрывожаны, пазбаўлены ўпэўненасці. Але — непераможны.