«Леаніды вяртаюцца…». Алесь Дзянісаў з гурта «DZIECIUKI» анансаваў альбом на вершы Караткевіча
Рэліз сольнага альбома на вершы Уладзіміра Караткевіча адбудзецца 2 траўня. Пачуць новыя песні можна будзе на старонках Алеся Дзянісава ў «Вконтакте» і «YouTube». Пра гэта 30 красавіка музыка паведаміў на сваёй старонцы Facebook.
Так выглядае вокладка альбома, якую намалявала дачка музыкі Дар’я Дзянісава.
— У альбом увайшлі 14 песен напісаных на вершы Уладзіміра Караткевіча. У адрозненні ад папярэдняга сольнага альбома на вершы Алеся Чобата, тут можна будзе пачуць шэраг інструментаў. Напрыклад, віаланчэль, — распавёў Hrodna.life Алесь Дзянісаў.
Назва альбома «Леаніды вяртаюцца…» — адсылка да рамана
Уладзіміра Караткевіча «Нельга забыць». Першапачаткова твор меў назву «Леаніды
не вернуцца да Зямлі».
Леаніды — метэорны паток, ці «зорны дождж» які можна назіраць у лістападзе.
«Кожная праца патрабуе нейкіх псіхалагічных і фізічных
высілкаў. У народа такое стаўленне, што калі ты капаеш рыдлёўкай, то ты
працуеш. А тут што? Сеў, пабрынчаў на гітарцы, потым штосьці там напеў у
мікрафон… Няўжо ж гэта праца? Такое стаўленне з-за адсутнасці адукаванасці»
Альбом пісаўся ў два этапы. Большасць працы музыка зрабіў ў
лютым 2020 года. Усё астатняе дапісвалася ў 2021 годзе. «Быў даволі вялікі
перапынак з-за шматлікіх прычынаў. Шмат з таго, што задумвалася не рэалізавана.
Ізноў жа — па розных суб’ектыўных і аб’ектыўных прычынах. Але гэта у мінулым.
Атрымалася па іншаму. І я гэтай працай задаволены», — распавёў Алесь Дзянісаў аб працы над альбомам.
Доўгабуд і трэці сольнік
У далейшых планах Алеся Дзянісава запіс міні-альбома з
гуртом «DZIECIUKI» і завяршэнне «даўгабуда» — другого альбома гурта «Людзі на
балоце»: «Гурта няма і шмат чаго ўжо не будзе зроблена, але нават з таго, што
можна зрабіць, атрымаецца неблагі матэрыял».
Таксама музыка задумаў трэці сольны альбом — на вершы
гродзенскіх паэтаў і паэтак.