Мабільны дадатак знаёмстваў для каталіцкай моладзі запрацуе ў Беларусі

Дадатак да смартфонаў Сathinder, які ў хуткім часе будзе запушчаны на тэрыторыі Беларусі, праходзіць апошнюю апрабацыю. Пра гэта 1 красавіка Catholic.by паведамілі распрацоўшчыкі мабільнага дадатку.

2017_03_31_1apr.jpg


Чакаецца, што яго можна будзе запампаваць з App Store і Android Market ужо з 15 красавіка.
Распрацоўкай новага стартапу займаецца каманда з шасці чалавек. Усе яны з’яўляюцца студэнтамі розных курсаў з БДУІР і факультэта прыкладной матэматыкі БДУ, а ўпершыню пазнаёміліся ...у Кракаве.
«Гісторыя нашага знаёмства неверагодная, — распавядае адна з распрацоўшчыкаў Карына Хедарук. — Мы прыехалі ў Кракаў на Сусветныя дні моладзі кожны са сваёй парафіі, але пазнаёміліся менавіта там».
Як будзе працаваць Сathinder?
Галоўная ідэя новага прадукту, як адзначае дзяўчына, — у магчымасці знаёміцца і шукаць каталіцкую моладзь з іншых парафій.
«Гэта будзе нешта паміж сацыяльнай сеткай і сайтам знаёмстваў, але не так афіцыйна, — дадае Карына. — Аўтарызацыя будзе адбывацца праз сацыяльную сетку vkontakte, абавязковым будзе ўказанне ўзросту і парафіі».
«Прынцып насамрэч просты: ідучы на канцэрт або на прагляд фільма можна паглядзець, хто з каталіцкай моладзі ёсць у радыусе побач з вамі. Можна зафрэндзіцца і пайсці разам», — дадае Карына.
Сathinder будзе платны, але не для ўсіх
Як адзначаюць распрацоўшчыкі, асаблівасцю дадатку стане беларускі інтэрфейс... і платнае абнаўленне.
«Мы доўга думалі над тым, ці рабіць дадатак платным, — гаворыць Карына. — У выніку сышліся на думцы, што за ўсталёўку Аpp будуць плаціць толькі дзяўчаты: актыўных хлопцаў у Касцёле і так вельмі мала, а бясплатны Сathinder заахвоціць іх часцей знаёміцца з дзяўчатамі».
Паводле catholic.by