«Мае дзевяностыя». Аўтограф-сесія Альгерда Бахарэвіча — 17 студзеня

«Мае дзевяностыя» — бескампрамісная кніга пра маладосць і свабоду, пра ідэальны час для памылак і эксперыментаў. Бахарэвіч піша пра сябе, але расказвае пра краіну і людзей ў той час.

bacharevic_front_medium.jpg


Дзевяностыя аўтар сустрэў школьнікам Алегам у мінскіх Шабанах, а развітаўся з імі пісьменнікам Альгердам. Паміж усім гэтым было навучанне ў педінстытуце, галасаванне за Пазняка, праца карэспандэнтам у шматтыражцы трактарнага завода, заснаванне і заняпад уласнага панк-гурту “Правакацыя”, літаб’яднанне “Крыніца”, Бум-Бам-Літ… А ў краіне праходзілі мітынгі, выбары, забастоўкі, галадоўкі…

“Старэйшаму пакаленню дзевяностыя бачацца як панылы, цяжкі, шэры час — але мая генерацыя ведае: гэта быў час самага вар’яцага драйву і найвялікшай свабоды, калі лёгка дыхалася, думалася, спявалася і пілося, а дзяржава толькі збіралася з сіламі, каб зрабіць ашалелым ад свабоды людзям ін’екцыю свайго снатворнага”, — падсумоўвае Альгерд Бахарэвіч.

Кніга выйшла ў выдавецтве “Янушкевіч”.


Аўтограф-сесія аўтара пройдзе 17 студзеня (чацвер) у “Акадэмкнізе” (пр-т Незалежнасці, 72). Пачатак а 17-й гадзіне.