Мастацтва Рыгора Барадуліна — гэта голас маўклівай душы беларускага народа
Слова Апостальскага Нунцыя, арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, на развітанне з Рыгорам Барадуліным.
«У той момант, калі Касцёл аддае апошнюю зямную пашану вялікаму паэту, давяраючы яго міласэрнай любові Бога, прагну і я маліцца разам з вамі.
Глыбокае і тонкае мастацтва Рыгора Барадуліна — гэта голас
маўклівай душы беларускага народа. У ім паэзія і духоўнасць яднаюцца ў моцных абдымках. Таму нерухомае маўчанне ягонага нежывога цела можа ўспрымаць як апошні жэст творчасці гэтага хрысціяніна і
паэта.
Мова — гэта інструмент, якім карыстаецца Бог, каб размаўляць з народам.
Таму яна святая і вартая, каб яе шанавалі і любілі, як маці. На гэтым інструменце Рыгор Барадулін умеў выконваць дзівосныя мелодыі і дазволіў беларускаму народу сваёй мовай дакрануцца да вышынь
прыгажосці.
Барадулін хацеў таксама, каб шляхетныя паэты іншых культур маглі паўтарыць свае спевы на беларускай мове.
Разам з іншымі незвычайнымі аўтарамі ён прычыніўся да перакладу «Рымскага Трыпціха» Яна Паўла ІІ, якога крыху больш чым праз месяц Каталіцкі Касцёл абвесціць
святым.
Веру, што беларусы, якія разам з іншымі святымі жывуць у ззянні Божага святла, выйдуць яму насустрач, каб падвесці яго да Бога. І, быць можа, Бог прывітае яго ў сваім доме простымі словамі,
якімі беларускае сэрца вітае гасцей: «Калі ласка, Рыгор».
Дарагія беларусы, любіце вашых мастакоў — вялікіх і шматлікіх.
Яны вучаць вас уздымаць свае вочы ўгору, да Бога надзеі, да жыватворнага сонца, якое ззяе ў вашым вечна прывабным небе, абуджаючы ў вас сілы да штодзённага ўваскрасення.
Божа, благаславі Беларусь і яе народ, з яго даверлівай мовай і пяшчотнымі спевамі», — такія словы Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці скіраваў на Імшу
развітання з Рыгорам Барадуліным, якая прайшла 4 сакавіка ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены.