Беларусь развіталася са сваім Паэтам (ФОТА)

Ад 9-й раніцы да касцёлу пачалі падыходзіць людзі з кветкамі – самага рознага веку, падлеткі, студэнты, актывісты розных грамадскіх арганізацый і палітычных партый, праваабаронцы, мастакі, пісьменнікі, паэты ды проста тыя, хто любіць і шануе беларускае слова Рыгора Барадуліна.



Алесь Марачкін, Алесь Камоцкі, Уладзімір Някляеў, Віктар Шніп, Адам Глобус, Станіслаў Шушкевіч... – усіх знакамітых дзеячоў, што прыйшлі на развітанне з Народным паэтам, бадай, і не ўзгадаеш...
Труна амаль праз гадзіну патанула ў кветках.
Прыйшлі і прадстаўнікі дзяржаўных тэлеканалаў, дэлегацыя праўладнага саюза пісьменнікаў.
Прыйшла група мастакоў на чале з кіраўніком Саюза мастакоў Рыгорам Сітніцам.
Прайшла імша паводле грэка-каталіцкага (уніяцкага) абраду. Пасля гэтага Рыгор Барадулін вернецца на родную Вушаччыну.
- Сёння сумны, жалобны дзень. Гляджу на гэта неба шэрае, вецер... Але мы ўсе ў чаканні вясны, і, на жаль, гэтую вясну сустрэлі ўжо без Рыгора... - сказаў для Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі" ў памяць пра сябра мастак Алесь Марачкін. - Гэта, канешне, вялікая згуба для нашае культуры. Тым не менш, тое, што ён зрабіў, застанецца на ўсё жыццё – пакуль будзе Беларусь. Вялікі паэт і вялікі грамадзянін. Чалавек, які роўня такім як Багдановіч, Цётка, Купала і Колас. Хай будзе вушацкая зямля яму пухам...
Паэту было 79 гадоў. Рыгор Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 году на хутары Верасоўка ва Ўшацкім раёне.
Рыгор Барадулін – адзін са стваральнікаў Беларускага ПЭН-цэнтру, сябар Саюзу беларускіх пісьменнікаў, аўтар больш 70-і паэтычных зборнікаў, каля 30 зборнікаў перакладаў, крытычных артыкулаў і нарысаў. Ягоныя творы перакладзены на чатыры дзясяткі моў.
Барадулін быў сябрам Партыі БНФ, з 1989 году – сябрам Сойму Партыі БНФ. Адзін з лепшых сяброў Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча пайшоў з гэтага свету ўвечары 2 сакавіка.
eurobelarus.info