Мікола Купава: Скарына нам дадзены на штодзень і на кожную гадзіну

Вядомы беларускі мастак Мікола Купава, аўтар соцень графічных прац, а таксама твораў у розных выяўленчых тэхніках і жанрах, вядомы ілюстратар кніжных выданняў, прапануе да распаўсюду мастацкі каляндар на 2022-гі год.

kupava_1_696x464_1.jpeg

Каляндар прысвечаны 500-м угодкам “Малой падарожнай кніжкі”, выдадзенай Францыскам Скарынам у 1522-м годзе ў Вільні.

Мастак лічыць, што такая ўжытковая рэч, як каляндар, стане і данінай павагі, і добрым сродкам распаўсюду ведаў пра беларускага першадрукара:

— Чалавек, выходзячы з хаты, паклоніцца Скарыну. І, вяртаючыся, здыме шапку каля таго месца, дзе вісіць гэты каляндар. Нехта кланяецца Пацуку або Тыгру сёлета. А мы можам кожны дзень глядзець на Скарыну і кланяцца яму. Скарына нам дадзены на штодзень, на кожную хвіліну і на кожную гадзіну.

Мікола Купава даўно займаецца вывучэннем дзейнасці Францыска Скарыны, і шмат сваіх мастацкіх прац прысвяціў менавіта беларускаму першадрукару. У 1988-м годзе мастак быў узнагароджаны дыпломам і медалём імя Францыска Скарыны за мастацкае афармленне энцыклапедычнага даведніка “Францыск Скарына і яго час”.

Усім ахвотным займець каляндар, прысвечаны 500-м угодкам “Малой падарожнай кніжкі”, спадар Купава прапануе раздрукаваць яго з ужо гатовага макета. Для гэтага можна звяртацца непасрэдна да аўтара на электронную пошту Dubrouna@gmail.com або праз тэлефон +375 29 551 32 36.

Беларускае Радыё Рацыя