Музыканты з сямі краін Еўропы выступяць у чэрвені на джазавых вечарах у цэнтры Мінска

Музыканты з сямі еўрапейскіх краін свету выступяць з канцэртамі ў межах трэцяга фестывалю «Джазавыя вечары з Банкам БелЗЭБ», якія пройдуць у чэрвені ў цэнтры Мінска, паведамілі арганізатары праекта з міжнароднага сацыяльна-эканамічнага фонду «Ідэя». 



jazz1.jpg

Сёлета джазавы фестываль збярэ на пляцоўцы перад канцэртнай залай «Верхні горад» на мінскай плошчы Свабоды як айчынных музыкантаў, так і прадстаўнікоў Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, Польшчы, Францыі і Швецыі. Акрамя джаза, музыканты парадуюць жыхароў і гасцей сталіцы выкананнем кампазіцый у стылі блюз, соўл і этна. 
Першы джазавы вечар, 6 чэрвеня, адкрыюць датчане — вакаліст Мадс Матыяс і піяніст Піцер Розендаль. Услед за імі на сцэну паднімуцца музыканты шведскага гурту Copro. Вечар завершыцца выступленнем беларускага джаз-трыа Канстанціна Гарачага. 
Выступленне польскай спявачкі Беаты Пшыбытак адкрые 13 чэрвеня другі джазавы вечар гэтага фестывалю. Польскіх музыкантаў зменіць трыа «Агонь і вада» на чале з гітарыстам Нгуенам Ле (Францыя), трубач Клаус Штэтар (Германія) і беларускі калектыў Morfe Аганеса Аванесяна. 
Фестываль завершыцца 20 чэрвеня канцэртам брытанскага саксафаніста Дзяніса Баптыста, які выступіць разам з вядомымі беларускімі джазмэнамі з Apple Tea. 
Праект «Джазавыя вечары з Банкам БелЗЭБ» рэалізуецца пры садзейнічанні Мінгарвыканкама, пасольства Францыі ў Беларусі, Французскага інстытута ў Парыжы, Польскага інстытута ў Мінску, Франка-нямецкага культурнага фонду, мінскага філіяла Інстытута імя Гётэ, канцэртнага агенцтва «Эквілібрыум АРТС» і музычнай студыі Black Cat. Генеральным партнёрам фестывалю выступае Банк БелЗЭБ.
БелаПАН