На Масленіцу — у музей народнай архітэктуры і побыту
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту запрашае дзяцей і дарослых на традыцыйнае святкаванне Масленіцы, якое адбудзецца 17 сакавіка з 12.00 да 16.00.
Як паведаміў загадчык культурна-адукацыйным аддзелам музею Сяргей Ракавец, маленькія наведвальнікі ўбачаць шыкоўныя прадстаўленні беларускага народнага лялечнага тэатру “Батлейка”, пабавяцца ў зімовыя гульні і забавы на дзіцячай пляцоўцы, дарослыя прымуць удзел у гульбішчах з конкурсамі і атракцыёнамі, а смелыя і актыўныя змогуць дастаць смачны прыз з масленічнага слупа.
Арганізатары свята запрашаюць гасцей паўдзельнічаць ў традыцыйных эпізодах: “Вываз бабкі-павітухі”, “Абыход хат”, “Абракальны абрад” (пазбаўленне ад асабістых праблемаў і грахоў), разам з фальклорнымі калектывамі паспяваць і патанчыць пад народную музыку, урачыста спаліць пудзіла Марэны.
Разам з тым, музей абвяшчае традыцыйны конкурс “Масленічная лялька–2013”, умовы якога размешчаны на сайце etna.by. Прычым матэрыял і памеры лялек залежаць толькі ад фантазіі творцаў, а пераможцаў чакаюць прызы.
Упершыню партнёр музея — гандлёвая марка “Простоквашино” правядзе для ўсіх наведвальнікаў свята дэгустацыйную і забаўляльную праграму, а таксама прадставіць прызы для актыўных удзельнікаў масленічных забаў.
Акрамя таго, кожны ўдзельнік Масленіцы зможа пазнаёміцца з экспазіцыяй музея, зрабіць незабыўныя фотаздымкі, а за дадатковую плату набыць сувеніры ад народных майстроў і падсілкавацца ў карчме.
Кошт квіткоў — 30 тысяч руб., для дзяцей дашкольнага ўзросту — бясплатна. Экспазіцыя музея працуе з 10.00 да 16.20, а каса — з 10.00 да 15.20.
Музей знаходзіцца ў 4-х км. ад МКАД за аўтарынкам “Малінаўка” і за вёскай Азярцо