Не хварэйце, вышывайце! (фота)
У Лошыцкім парку ў Мінску прайшоў кірмаш рамёстваў «Вясновы букет». Сонейка пякло ўжо не па-вясноваму, на дварэ — сапраўднае лета. З’ехалася больш за 300 удзельнікаў з усёй Беларусі.

Можа, ад таго, што ў медыя стала гучаць тэма геаметрычнага арнаменту, паболела рэчаў, зробленых па аўтэнтычных узорах. З рамёстваў са статусам нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі можна было пабачыць валожынскія паясы, віцебскія маляваныя дываны, бярозаўскую птушку-абярэг, неглюбскае ткацтва.

Дзяўчаты з грамадскай арганізацыі “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” прадэманстравалі рэгіянальныя строі, зробленыя сваімі рукамі. Кожная дэталь — узятая са старых фотаздымкаў ці “знятая” з музейных рэчаў. І любая майстрыха ахвотна распавядае пра “пашпарт” свайго адзення. Звычайна імкнуцца абіраць для ўзнаўлення рэчы з мясцін, адкуль паходзяць родныя.
Сустрэла знаёмых з усёй краіны, асабліва запомніўся дыялог:
— Добры дзень, Улляня Пятроўна! Як Ваша здароўе?— А добра!— Як Марыя Іванаўна, не хварэе?— Вышывае…
Вось нам, маладым, рэцэпт!