"Ноч музеяў" : акцэнт будзе зроблены на 13-х гадах розных стагоддзяў

Акцэнт міжнароднай акцыі "Ноч музеяў", якая пачнецца 18 мая ў 20.00 у Нацыянальным гістарычным музеі (НГМ), будзе зроблены на 13-х гадах розных стагоддзяў у гісторыі Беларусі і Еўропы.

 



afisha_small.jpg

Ноч музеяў

На гэты раз уся праграма "Ноч у музеі: гісторыя не дрэмле!" прысвечана чыслу 13 і "чортаваму тузіну". Наведвальнікі змогуць акунуцца ў атмасферу Мінска 1913 года, а, перайшоўшы ў іншую залу, — апынуцца ў Маскве 1813-га і гэтак далей.
 

"Спецыяльна для гэтай падзеі Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь падрыхтаваў шэраг інтэрактыўных прастораў і "жывых экспазіцый". Усё гэта дазволіць наведвальнікам быць не проста пабочнымі назіральнікамі, але і далучыцца да жывога мінулага, бо гісторыя не дрэмле! Напрыклад, наведаўшы майстар-клас рамеснікаў, госці змогуць спасцігнуць мастацтва ганчарнай справы, увайшоўшы ў залу, прысвечаную музыцы, паўдзельнічаць у джазавай імправізацыі пад кіраўніцтвам прафесійных музыкантаў, а таксама пакінуць след у гісторыі, адлюстраваўшы сваё пасланне для нашчадкаў на спецыяльным "палатне гісторыі", — паведамляе экспазіцыйна-выставачны аддзел НГМ.


На выставе "Камунальная кватэра № 13" госці ў рэжыме анлайн могуць паназіраць за жыццём яе насельнікаў, прычым кожны жадаючы зможа згуляць з жыхарамі кватэры ў даміно. У межах экспазіцыі "Гісторыя Беларусі XVI—XVIII ст.ст. у партрэтах і геральдыцы" можна будзе адлюстраваць сябе ў эстэтыцы сармацкага партрэта.
 


На працягу ўсёй "Ночы музеяў" у залах будуць працаваць джазавыя калектывы. Гасцей чакае інтэрактыўная гульня "12 крэслаў + 1", а таксама спартыўная гульнёвая праграма для дзяўчат, прысвечаная 13 ліпеня 1908 года, калі ўпершыню да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях былі дапушчаныя жанчыны.
 


Для тых, хто прыйдзе з дзецьмі, будзе арганізавана гульнёвая пляцоўка на вуліцы, аформленая ў стылістыцы 1913 года. Там можна будзе заняцца сумеснай дзіцяча-дарослай творчасцю, пагуляць у папулярныя гульні тых гадоў, зрабіць сямейнае фота.
 


Асаблівым госцем "Ночы ў музеі" будзе вядомы беларускі стыліст Аляксандр Кірынюк са сваёй выставай-паказам, падрыхтаванай спецыяльна да гэтай акцыі. А ў дворыку музея будзе ўстаноўлена летняя сцэна, на якой будзе праходзіць выступленне шматлікіх артыстаў. Усё гэта разам з займальнымі конкурсамі і прызамі ад вядучай абяцае яркае і відовішчнае мерапрыемства.


Кошт уваходнага білета — 40 тысяч рублёў. Для наведвальнікаў, якія нарадзіліся 13-га чысла, уваход бясплатны. Афіцыйнымі партнёрамі "Ночы музеяў — 2013" выступаюць кампаніі Japan Tobacco International і Майстэрня падзей SOLь.

БелаПАН