Новыя грошы прэзентуюць у гістарычным музеі

28 чэрвеня 2016 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца прэзентацыя выставачнага праекта «Ад рымскага дэнарыя да беларускага рубля».

298_5768e227.jpg


На цырымоніі адкрыцця Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь прэзентуе новыя грошы краіны.
У сярэдзіне 2016 года беларусы пабачаць новыя грошы — упершыню за найноўшы перыяд гісторыі Беларусь атрымае ўласныя манеты. Абапіраючыся на багатую нумізматычную калекцыю Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, выстава “Ад рымскага дэнарыя да беларускага рубля” спрабуе паказаць якім чынам змянялася грашовае абарачэнне ў Беларусі на працягу амаль дзвюх тысяч год.
Назва выставы абрана не выпадкова, паколькі экспазіцыя знаёміць наведвальнікаў музея з гісторыяй грашовага абарачэння на тэрыторыі Беларусі ад першага масавага з’яўлення рымскіх манет і да сучаснасці. Асаблівая ўвага надаецца грашовым рэформам, якія адбываліся на беларускіх землях у розныя часы.
Грашовыя знакі любых відаў — гэта паўнавартасная гістарычная крыніца, насычаная багатай інфармацыяй. Гісторыя грашовага абарачэння адлюстроўвае гісторыю краіны, змену дзяржаўных утварэнняў і палітычнага ладу на беларускіх землях.
Асобны раздзел выставачнага праекта распавядае пра манетныя скарбы, знойдзеныя на тэрыторыі нашай краіны. Нацыянальны гістарычны музей валодае найбагацейшай калекцыяй скарбаў сярод музеяў Беларусі.
Дзве мастацкія інсталяцыі ўвасабляюць розныя сітуацыі, звязаныя з грашыма. “Знаходка скарбу” распавядае пра момант раскрыцця каштоўнага захавання, а “Кабінет нумізмата” рэканструюе працоўнае месца калекцыянера ХІХ стагоддзя.
Інтэрактыўны элемент дадзенага праекта — дэтэктар банкнот, на якім кожны жадаючы можа спраўдзіць аўтэнтычнасць сваіх папяровых грашовых знакаў.
Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь (вул. К. Маркса, 12) запрашае штодня з 11.00 да 19.00
Паводле прэс-службы Нацыянальнага гістарычнага музею Рэспублікі Беларусь