Пад іх танчыў Шаўчук: «Троіца» святкуе 20-годдзе

Вялікі юбілейны канцэрт ужо 2 снежня ў мінскім Палацы прафсаюзаў.

troica_a3_horad.jpg

Этна-трыа «Троіца» святкуе 20-годдзе вялікім сольным канцэртам у Мінску. Іван Кірчук, Юрый Паўлоўскі і Юрый Дзмітрыеў запрашаюць у чарговае магічнае падарожжа па беларускай спрадвечнай музыцы, якое немагчыма прапусціць! 2 снежня ў мінскім Палацы прафсаюзаў упершыню разам з «Троіцай» сыграюць і знакавыя беларускія музыкі, імёны якіх будуць раскрытыя трохі пазней.
Адзін з самых вядомых беларускіх гуртоў у свеце за дваццаць гадоў існавання сыграў на сотні вялікіх фестываляў ад Малайзіі да Чылі, на рахунку «Троіцы» і выступы на папулярнейшым у Еўропе SZIGET Festival, а таксама ўдзел у буйнейшым этна-фестывалі WOMAD, які ладзіць экс-удзельнік брытанскага гурта Genesis і прадзюсар этна-выканаўцаў Пітэр Гэбрыэл.
«На гэтым фэсце мы былі ў Чылі, Англіі, Маскве і Пяцігорску. Гэта найвышэйшыя world-music фестывалі, на якія трапіць вельмі складана. Гэта, напэўна, адно з самых прыемных дасягненняў за 20 гадоў існавання трыа», — прыгадвае Іван Кірчук выступы на WOMAD.
Насамрэч гісторыя «Троіцы» налічвае больш за 20 гадоў. Збіраць фальклор, апрацоўваць і выкладаць яго Іван Кірчук пачаў яшчэ на пачатку 1980-х. Тады ж з выпускнікоў тагачаснай «Культасветвучэльні» быў створаны ансамбль «Дзіва». Аднойчы ў сярэдзіне 1990-х музыкі Віталь Шкілёнак і Дзмітрый Лук’янчык прапанавалі Кірчуку запісаць сумесна народную песню, якая б добра лягла пад гітарны рыф. І пачалося…
«У мяне акурат была палеская песня “Трава, мая травушка”. Я і кажу: “Давайце паспрабуем!”, — прыгадвае Іван Кірчук першыя крокі «Троіцы». — Песня вельмі ўдала лягла, і яны прапанавалі збірацца. І тут нас пачалі клікаць амбасады: амерыканская, індыйская… Пасля нас запрасіў Юрый Шаўчук сыграць на разагрэве DDT у Мінску і выступіць на піцерскім рок-фэсце, дзе ён танчыў пад «Яблынь мая». Далей Стас Намін паклікаў у Маскву... За тры гады мы даволі добра пашумелі. Адно за адно і ўсё пайшло».
Пасля з'яўлення першага альбома пад назвай «Троіца», які выйшаў у Галандыі, склад гурта змяніўся. На змену Лук'янчыку і Шкілёнку ў 1999-м прыйшлі два Юрыя — Паўлоўскі і Дзмітрыеў. Мала хто ведае, што тады трыа нават змяніла назву на «Этна», але пад націскам прыхільнікаў перайменавалася ў «Этна-трыа Троіца». З таго часу сённяшні калектыў і адлічвае свой пачатак. Таму менавіта сёлета адзначае 20-годдзе і запрашае ўсіх адсвяткаваць юбілей разам у Палацы культуры прафсаюзаў (Мінск, пр-т Незалежнасці, 25). Музыкі (а на рахунку «Троіцы» 7 альбомаў) абяцаюць самае лепшае і неспадзяваных гасцей, з якімі сыграюць вядомыя хіты. Квіткі ўжо ў продажы ва ўсіх касах і на сайтах білетных аператараў. 
Паводле прэс-рэлізу