Пад мостам

Афіцыйная прапаганда любіць змяшчаць Беларусь у цэнтр Еўропы, надаючы гэтаму асаблівы ўрачысты сэнс. Маўляў, хіба можна такую прагрэсіўную краіну ў самым цэнтры кантынента павучаць, настаўляць і высоўваць ёй ультыматумы?



47a658229eb2368a99f1d032c8848542.jpg

Афіцыйная прапаганда любіць змяшчаць Беларусь у цэнтр Еўропы, надаючы гэтаму асаблівы ўрачысты сэнс. Маўляў, хіба можна такую прагрэсіўную краіну ў самым цэнтры кантынента павучаць, настаўляць і высоўваць ёй ультыматумы?
І на самай справе, давайце ўзгадаем курс сярэдняй школы: геаграфічная Еўропа палягае паміж Атлантыкай і Уралам. А гэта значыць, што і варкуцінскія канцлагеры, і пермскія катаржныя катавальні — усё гэта раўнапраўныя з Луўрам і Біг Бэнам кантынентальныя суб’екты. Само сабой, што ў такім кантэксце і ў параўнанні з якой-небудзь Валагодскай цэнтральнай перасылкай Беларусь выглядае бліскучай імянінніцай і круглай выдатніцай.
Між тым, рэальная Еўропа амаль што вызначылася са сваімі межамі, пакідаючы Беларусь звонку за высокім плотам у зоне халернага санітарнага барака на мяжы з фактычнай Азіяй. Гэта вельмі абурае некаторых важных палітыкаў у Мінску. Як гэта, наракаюць яны, мы ж — мост паміж Захадам і Усходам. А Усход — справа тонкая, не ўсе разумеюць ягоныя тоўстыя намёкі. Таму звяртайцеся да нас па дапамогу: мы хоць і еўрапейцы, але з расійскімі туземцамі на кароткай назе, зможам ім тое-сёе папулярна растлумачыць па-свойму, задобрыць іх «вогненнай вадой» і суцешыць каляровымі пацеркамі. А без нас добрага бізнесу ў Расіі вам не мець...
Той-сёй лічыць цяперашнюю беларускую наменклатуру тугадумамі і троечнікамі, але хто, як не яна, зараз любіць фарсануць моднымі тэрмінамі «еўрапейская супольнасць», «еўрапейская эканамічная прастора», «агульнаеўрапейскія каштоўнасці» і г.д. Славалюбства беларускіх службоўцаў цешыць прыналежнасць да Еўропы. І хоць наша вертыкаль ужо спарылася ў чарговую «нерушымую дзяржаву» з Усходам, ёй хочацца і з Захадам больш трывалай сувязі (Вы ўяўляеце, якія пенсіі ў дэпутатаў Еўрапарламента? Вы ведаеце, што на Захадзе ніхто не гадзіць у пад’ездах, нягледзячы на дэмакратыю!).
Адным фактам сваёй дасягальнасці Еўропа творыць цуды з нашымі замшэлымі бюракратамі, ператвараючы іх у грамадзян свету. Напрыклад, адна начальніца над выбарамі раптам публічна прызналася, што любіць… Парыж. Яна на самай справе аматарка французскіх вытанчаных далікатнасцяў. Ёй блізкая еўрапейская культура і нават, магчыма, ідэалы Вялікай французскай рэвалюцыі. Долу Бастылію! Долу ўзурпатара! Свабода! Роўнасць! Брацтва! (Амаль што выбарчы слоган Аляксандра Мілінкевіча ў 2006 годзе).
Тым часам позіркі беларускіх службоўцаў пачынаюць звяртацца да Масквы з тайнай надзеяй, што і азіятам калі-небудзь захочацца ў Еўропу. Але Масква сама па сабе мроіцца Пупам Сусвету, і Беларусь у яе разліках значна ніжэй рангам.
І тут чароўная Еўропа, ужо ззяючы развітальнымі карабельнымі агнямі, дае раптам Беларусі апошні шанец стаць роўнай сярод выбраннікаў, кідае на бераг канат. Вы хочаце ў Еўропу? Станьце крышку падобнымі да еўрапейцаў, ну хоць зрабіце выгляд. Вы доўга былі азіятамі і здзічэлі. Вымыйце рукі і твар, памяняйце шкарпэткі і, калі ласка, не смаркайцеся ў занавескі. Больш нічога ад вас не патрабуем.
Паўза… Тугадумы і троечнікі з адчаем пазіраюць на свайго бацьку, каторы сядзіць у чырвоным куце на залатым крэсле перад электракамінам у «чудовішчнай» напрузе. Вырашаецца каласальная задача: як аб’ягорыць Еўропу і Азію аднамомантна і ўвайсці ў сусветную гісторыю асобным радком.
Ат! Што тут думаць? Трэба мэсэджы дасылаць і тым, і гэтым. І нашым, і вашым. Калі што Еўропа замысліла, дык без мяне ў яе не нічога атрымаецца. А калі Азія нешта прыдумала, дык і ў яе нічога без мяне не атрымаецца. А са мной атрымаецца ва ўсіх. Галоўнае, каб са мной. Вось і ўся палітыка. Зразумела?
Ага! Ага! Зразумела, уздыхаюць тугадумы. Мы будуем МОСТ, а без бацькі таго МОСТА не будзе, а будзе тут ДЗІРКА.
І няўцям бедалагам, што ніяк не падобныя яны да будаўнікоў новага моста, а нагадваюць старцаў каля моста старога. Грымяць па гэтым мосце вазы з таварам, брэшуць сабакі, трашчаць дошкі, пыл стаіць слупам. А знізу ў брудзе стаяць сляпыя жабракі. Са зламанай катрынкай і з малпай на ланцугу...