Памёр вядомы грэцкі спявак і музыкант Дэміс Русас
Вядомы грэцкі спявак Дэміс Русас памёр ва ўзросце 68 гадоў.
Аб гэтым паведамляе сайт французскай газеты Le Figaro са спасылкай на яго дачку Эмілі.
Спявак памёр у ноч з суботы на нядзелю ў шпіталі ў Афінах, аднак вядома пра гэта стала толькі цяпер. Як паведаміла сям'я Русаса, яна наўмысна не паведамляла раней аб яго смерці,
«каб не азмрочваць настолькі важных выбараў у Грэцыі».
Дэміс Русас нарадзіўся ў егіпецкай Александрыі 15 чэрвеня 1946 у сям'і выхадцаў з Грэцыі з багатымі музычнымі традыцыямі — ягоная маці была спявачкай, а бацька
іграў на класічнай гітары. Падчас вучобы ў музычнай школе Дэміс асвоіў ігру на гітары, трубе, кантрабасе і аргане. У сярэдзіне 1950-х гадоў сям'я пераехала ў Грэцыю.
Будучы 15-гадовым падлеткам, ён зарабляў грошы для сваёй сям'і, іграчы джаз і выконваючы кавер-версіі папулярных заходніх хітоў у рэстаранах і гатэлях.
У 1963 году Дэміс Русас разам з Вангелісам і Лукасам Сідарасам стварылі гурт «Дзеці Афрадыты», які ў 1968 годзе, пасля ваеннага перавароту ў Грэцыі, перабраўся ў Парыж. Першым
сусветна вядомым хітом групы стала песня «Дождж і слёзы».
Дэміс Русас стаў папулярны ў 70-80-я гады ў час сольнай кар'еры. За час творчай кар'еры Дэміса Русаса было прададзена больш за 60 млн дыскаў з песнямі, выкананымі ягоным унікальным
голасам.
Сярод самых вядомых песень выканаўцы — Souvenirs, Goodbye My Love, Forever And Ever і іншыя.
Спявак вядомы не толькі сваёй творчасцю: у 1985 годзе ён разам з іншымі пасажырамі рэйса Афіны — Рым трапіў у палон да тэрарыстаў «Хізбалы», якія патрабавалі
вызваліць 700 ліванскіх зняволеных з ізраільскіх турмаў. Спевака адпусцілі ў ліку васьмі іншых пасажыраў, пратрымаўшы ў палоне некалькі дзён. Папулярнасць Русаса ў арабскіх краінах была настолькі
вялікай, што нават тэрарысты ставіліся да яго добразычліва.