Памёр аўтар беларускага буквара Анатоль Клышка

«Пакінуў гэты свет Анатоль Клышка, па чыім "Буквары" вучыліся мільёны беларусаў», — напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку літаратар Міхась Скобла.

nlb.by

nlb.by


«Той "Буквар" (найвыдатнейшы!) стаў ці не самай тыражнай беларускай кнігай. У пару майго школьніцтва яго разавы наклад даходзіў да 150.000 асобнікаў. 37 гадоў прайшло-прамільгнула, а я і сёння помню і ўсе малюнкі буквароўскія, і ўсе тэксты. "Хвошча, хвошча дождж, воўк схаваўся ў хвошч. Хвост пад хвашчом, а сам пад дажджом"... Дабрадушны, заўсёды жыццярадасны, па-маладому цікаўны да ўсяго на свеце спадар Анатоль і на дзявятым дзясятку не сядзеў склаўшы рукі. То дасканаліў свой легендарны "Буквар" (выходзілі новыя перавыданні, іх было больш за 40), то перакладаў з арыгінала Марцыяла (асобным зборнікам выйшаў пару гадоў таму), то даследаваў жыццёвы і творчы шлях свайго ўлюбёнца Валянціна Таўлая (для серыі "Беларускі кнігазбор"). 16 красавіка Анатолю Канстанцінавічу споўнілася б 86... Светлая памяць рупліваму творцу і вялікаму Настаўніку», — напісаў Міхась Скобла.
«Новы Час» смуткуе і выказвае спачуванні родным Анатоля Клышкі.