Памёр удзельнік знакамітага беларускага фолк-гурта Osimira Ілля Далжанкоў

Юрый Несцярэнка піша для «Будзьмы» пра жыццёвы і творчы шлях музыкі.

Ілля Далжанкоў. Фота: facebook.com

Ілля Далжанкоў. Фота: facebook.com

Тым, хто ведаў Іллю «Сочніка», вельмі цяжка паверыць у тое, што гэты весялун, гаварун і казачнік, якому не было яшчэ і сарака пяці, пайшоў з жыцця. Калі выканаўцу на дудзе, флейтах, жалейках Андрэя Палаўчэню можна назваць мозгам гурта «Osimira», барабаншчыка і перкусіяніста Аляксея Палаўчэню — рухавіком праекта, то Ілля, безумоўна, быў светлай душой свайго калектыва.

Сціплая манера паводзінаў, інтэлігентнасць, эрудыцыя і, галоўнае, — неверагоднае пачуццё гумару — вось адметныя рысы гэтага шчырага і таленавітага чалавека, якія застануцца ў памяці сяброў і калег назаўсёды.

Справай жыцця, творчай аддушынай у няпростым жыцці Іллі была супраца з рок-гуртамі ў якасці басіста. У другой палове 1990-х і на самым пачатку 2000-х музыкант супрацоўнічаў з рознымі магілёўскімі калектывамі — напрыклад, з гуртом «Эйн-Софт» Данілы Карпенкі. А ўжо з 2002-га ён стаў сталым удзельнікам «Osimira».

Менавіта ў гэты перыяд гурт аказаўся на вяршыні сваёй творчай актыўнасці. Бесперапынная гастрольная дзейнасць па краіне і ў замежжы, кантракты з вядымымі гастрольнымі агенствамі, удзел у шматлікіх найбуйнейшых фестывалях у краінах усходняй Еўропы. «Ethnosfera», «Folk Fest», «Miodobranie», «Swieto Wody», «Noc Swietojanska» — польскія фестывалі з 2002 па 2005 год, «Mediawave 2005» (Венгрыя, Славакія, Польшча), «Viljandi Folk Festival» (Эстонія, 2005), «Menuo Juodaragis-2005» і «Be2gether-2008» — Літва, «Festiwal Wyszenradzki» (Польшча, 2006), «Ethnolife» ў Абхазіі, «Воздух» у Карэліі, вялізная колькасць фестываляў ва Украіне — неаднаразова гурт выступаў на фэстах «Тріпільське Кола» і «Парк Кіеўская Русь», на фестывалі ў Кактэбелі, на «Краіне Мрій», на фэсце «Дні правільнай беларускай музыкі» ў Кіеве і, зразумела, на дзясятках айчынных фэстаў.

Гэта не ўлічваючы выступленняў у вялікіх і малых канцэртных залах бліжэйшага замежжа і роднай краіны. Заўсёды з імпэтам і цікавасцю Ілля Далжанкоў удзельнічаў ва ўсіх падарожжах свайго гурта. Трэба адзначыць, што ў невялікія перапынкі паміж паездкамі Ілля тут жа браўся за справу падтрымання сям’і — у розныя часы ён меў працы, звязаныя з будоўляй і прамысловым альпінізмам. Апошнім часам працаваў ахоўнікам у школе — разам з былым удзельнікам гурта «Osimira», дударом Кастусём Канцавым, які працаваў у той жа школе ў якасці мастака.

Трагічнае здарэнне адбылося, калі ўвечары, заступіўшы на вахту, Ілля Далжанкоў расчысціў снег і ўжо скончыў працу. Меркавана, прычынай крызісу арганізму пасля нагрузкі магло стаць спыненне сэрца.

На жаль, гэтае вялікае і добрае сэрца перастала біцца. Развітанне адбудзецца 9 студзеня, музыку пахаваюць у Магілёве на Лаўсанаўскіх могілках.