Партрэты палешукоў у Гродзенскай выставачнай зале
На вернісаж гарадзенцаў запрашае фатограф Наталля Дораш. Гэтым разам удзельніца шматлікіх фотавыстаў, ветэран Народнага фотаклуба “Гродна”, пераможца міжнародных фотаконкурсаў звярнулася да тэмы жыцця палешукоў.
На фотавыставе будуць прадстаўленыя здымкі жыхароў вёскі Букча, Лельчыцкага раёна, Гомельскай вобласці, зробленыя ў перыяд з 1976 па 2012 год.
Наталля Дораш распавяла "Твайму стылю": “У 1976 годзе выйшла замуж за палешука, Букча — радзіма мужа. Часта прыязджалі туды, і я здымала. Выстава сабрала толькі здымкі жыхароў вёскі за 37 гадоў, і тое давялося выбіраць, бо для ўсяго аб’ёму фотаматэрыялу месца ў зале не хапіла б. Ужо не кажу пра сотні фатаграфій толькі прыроды Палесся. Прыходзьце на выставу, калі вас зацікавіла тэма пра такі “беларускі народ” як палешукі. Гісторыя вёскі Букча пачалася ў 1452 годзе. Побач з ёй стаіць святы град Тураў. А людзі там жывуць на самой справе асаблівыя”.
Фотаздымкі 36-гадовай даўніны, зробленыя на чорна-белую фотастужку, перагукаюцца ў часе са здымкамі сучасных жыхароў вёскі Букча.
Старыя пайшлі ў іншы свет, дзеці выраслі, у кожнага свая доля, але на фотаздымках яны застаюцца такімі, якімі былі тры дзесяцігоддзі таму.
Адкрыццё выставы Наталлі Дораш "Паляшукі" ў Гродзенскай выставачнай зале адбудзецца 25 кастрычніка ў 18.00.