Першая выстава карцін беларускіх музыкаў адкрываецца сёння ў Віцебску
На яе адкрыцці ў арт-цэнтры VZAP выступяць Алег Хаменка і Андрусь Такінданг.
Першая выстава прац беларускіх музыкаў "Музыка без межаў", якая ў сакавіку праходзіла ў мінскай прасторы ЦЭХ, адкрыецца сёння і ў Віцебску. На імпрэзе, якая пачнецца ў 17.00, выступяць яе ўдзельнікі Алег Хаменка і Андрусь Такінданг.
Рок-галерэя ў ЦЭХу: каты, палацы, зялёныя чалавечкі ды зашыфраваныя лозунгі (+фота)
Падзея закліканая паказаць розныя грані самавыражэння творчай асобы, а таксама паразважаць над актуальнай для Беларусі праблемай свабоды творчасці і яе межаў. У Мінску выстава выклікала вялікую цікаўнасць, арганізатарам нават давялося працягваць яе на тыдзень. Усяго ж у сталіцы карціны беларускіх музыкаў паглядзелі каля 2 тысяч чалавек.
На выставе ў Віцебску дададуцца некалькі твораў, што не паказваліся ў сталіцы. Склад удзельнікаў ранейшы: у арт-цэнтры VZAP можна ўбачыць карціны і малюнкі Лявона Вольскага, лідара гурта "Крама" Ігара Варашкевіча, гурта "Палац" Алега Хаменкі, фронтмэна брэсцкіх панк-зорак "Дай дарогу!" Юрыя Стыльскага, Андруся Такінданга (Recha, Harotnica), лідара гурта Znich Алеся Таболіча, Сяргея “Скрыпы” Скрыпнічэнкі (Žygimont Vaza) і Аляксандра Дземідзенкі (Re1ikt). Усе музыкі граюць у розных стылях, аднак, як высветлілася, іх аб'ядноўвае выяўленчае мастацтва. Як зрэшты і іншых музыкаў свету. Што натхняе беларускіх музыкаў у выяўленчым мастацтве, можна будзе пабачыць у віцебскім арт-цэнтры VZAP (вул. Кастрычніцкая, 2).
Час працы выставы: 12.00-19.00. Кошт квітка — сімвалічны. Інфалінія: +375259133876. Працаваць выстава будзе з 30 красавіка па 14 траўня.