Петрасян наша ўсё!

На фоне крызісу беларуска-расійскіх адносін нечакана, здаецца, адзіным, што сапраўды аб’ядноўвае нашы народы, стала мастацтва гумарыста Яўгена Петрасяна. Менавіта Яўгену Ваганычу
два прэзідэнта, якія, здаецца, ненавідзяць адзін аднаго, даслалі віншаванні з нагоды юбілею.




* * *



На фоне крызісу беларуска-расійскіх адносін нечакана, здаецца, адзіным, што сапраўды аб’ядноўвае нашы народы, стала мастацтва гумарыста Яўгена Петрасяна. Менавіта Яўгену Ваганычу два прэзідэнта, якія, здаецца, ненавідзяць адзін аднаго, даслалі віншаванні з нагоды юбілею.

* * *

Раніцай Ваганычу патэлефанавалі і запрасілі на… Лубянку. «Напэўна, задумалі карпаратыўчык», — вырашыў кароль-гумарыст, прыкідваючы, які папрасіць ганарар. У будынку ФСБ яго, аднак, чакала не «штука зялёных», а непрыемная размова з супрацоўнікам канторы.

— Хопіць петрасяніць! Яшчэ адзіны тупы анекдот пра цешчу або пра мужа, які вяртаецца з камандзіроўкі, і на НТВ выйдзе трылогія «Хросны клоун», дзе падрабязна раскажуць, што тэксты вам піша Беразоўскі.

— За што?

Чэкіст прайшоўся па кабінету.

— Тут такая катавасія... Аказалася, што ваш, так бы мовіць, гумар з’яўляецца адзіным, што аб’ядноўвае народы Расіі і Беларусі. Тлустым катам — алігархам «Газпраму» — гэта зусім не патрэбна. Вы павінны разбурыць падмурак сяброўства — адмовіцца ад вашага жанру блазна, радыкальна змяніць імідж.

— І якім будзе маё новае амплуа?

— У выніку мазгавога штурму вядучых паліттэхнолагаў прынята стратэгічнае рашэнне — вы будзеце глытаць шпагі. Заўтра прэм’ера.

— Заўтра — значыць заўтра, — махнуў рукой гумарыст, лагічна адзначыўшы, што лепш глытаць шпагі, чым баланду разам з Хадаркоўскім.

А «заўтра» аказалася багатым на сюрпрызы.

Па-першае, перад канцэртам яму патэлефанаваў ананім з цікавай прапановай:

— Хочаце застацца жывым? Тады вечарам вы павінны расказаць са сцэны пару сваіх жартаў у імя Саюзу. Гэта не пустыя словы. З вамі гаворыць Брыгада Пакутнікаў Адсутнасці Беларускай Смятаны 30-працэнтнай Тлустасці на Расійскім Рынку. Мы нікому не дадзім зруйнаваць Саю….

Петрасян кінуў трубку.

Па-другое, увечары, не паспеў ён заглынуць першую шпагу, як публіка падарвалася крычаць:

— Зас-та-ем-ся! Зас-та-ем-ся!

У шоку Петрасян пабег і схаваўся ў грымёрнай. Аднак і тут яго адкапаў знаёмы чэкіст, які аказаўся прарубаным перцам.

— Здаецца, ваша мастацтва можа фармаваць у публікі палітычныя забабоны. Калі вы выступалі ў размоўным жанры, то нейкім чынам замбавалі народы ўстаноўкай лавіць кайф ад працэсаў інтэграцыі. Зараз, глытаючы шпагі, вы дасылаеце пасыл — выходзіць на плошчу.

— Што ж мне рабіць?

— Толькі не шпагі глытаць. Хуценька на сцэну і прыдумайце што-небудзь, каб усе гаварылі праўду.

Экс-глытальшчык халоднай зброі зрабіў стаўку на акрабатыку. Падскокнуўшы і расцягнуўшыся ў шпагаце, ён пачуў, як аўдыторыя шалее ад перспектывы абрання нейкага Уса прэзідэнтам.

— Зноў не тое, — зароў на яго чэкіст, які нейкім чынам прабраўся ў суфлёрскую будку .

— Як жа прымусіць іх праўду гаварыць? — ліхаманкава думаў выступоўца. — Можа, фокус з картамі паспрабаваць або эратычны танец?

Выратаваў званок, які абвяшчаў канец аддзялення. Аднак паўза хутка закончылася.

— Можа, сапраўды ўзначаліць працэс яднання славянскіх народаў, падумаў Яўген, вяртаючыся з-за кулісаў. Чым, сапраўды, ён горш за Барадзіна? Петрасян рушыў да мікрафону, рыхтуючыся сказаць фразу, якая павінна была мабілізаваць славянскія народы на стварэнне адзінай валюты, адзінай эканамічнай прасторы, адзінага вайсковага стратэгічнага цэнтру і пачаў:

— Вяртаецца муж з камандзіроўкі...

Аднак было позна. Фанатык Брыгады Пакутнікаў Адсутнасці, які пранік за кулісы пад выглядам манцёра сцэны, націснуў на кнопку — і гэтыя словы згубіліся ў раскатах выбуху.
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: