Пераможцы конкурсу «Заспявай.BY» дадуць сумесны канцэрт
Лізавета Леўчык, SP Kava і Віталь Варанко возьмуць удзел у выніковым канцэрце конкурсу «Заспявай.BY» 27 ліпеня.
Па выніках конкурсу, які ладзіў партал Tuzin.fm і дабрачынны фонд «Вяртанне»,
былі вызначаныя тры выканаўцы – 18-гадовая спявачка і кампазітар Лізавета Леўчык, 24-гадовы індзі-рэпер Юрась Касцень (SP Kava) і 22-гадовы спявак і аўтар песень Віталь Варанко.
Лізавета і Юрась атрымаюць каштоўныя прызы ад арганізатараў конкурсу, а Віталь у якасці галоўнага прызу – права на запіс песні разам з топавым украінскім саўнпрадусарам Уладам Яруном. Гэтым
сваім правам пераможца ўжо скарыстаўся, запіс кампазіцыі на верш Віталя Рыжкова «Вяртайся» адбыўся ўжо ў Мінску, а цяпер даводзіцца да ладу ў Кіеве.
На канцэрце 27 ліпеня кожны з гэтай тройцы адыграе паўгадзінны сэт. Віталь Варанко разам з сваім бэндам прадставіць песню «Вяртайся» ды яшчэ некалькі беларускамоўных
кампазіцый, створаных пад уражаннем ад перамогі ў «Заспявай.BY». SP Kava разам з дударом Вячкам Красуліным прадэманструе свой арыгінальны погляд на беларускі рэп, сярод іншага
прагучыць і кампазіцыя, якая скарыла журы конкурсу – «Эндшпіль» на верш Андрэя Адамовіча. Нешта асаблівае рыхтуе да выступа Лізавета Леўчык, некаторыя яе песні прагучаць у
суправаджэнні адмысловага госця канцэрту – гурта Tonqixod. Яго лідэр, паэт і перакладчык Уладзь Лянкевіч, быў у журы «Заспявай.BY» і асабіста адзначыў творчасць гэтай
спявачкі ды выказаў жаданне падтрымаць яе падчас такога адказнага выступу. Акром таго Tonqixod прэзентуе свой новы сінгл і адыграе свой сэт з абраных твораў, якія ўвойдуць у будучы альбом.
Весці канцэрт будзе Алег Хаменка.
tuzin.fm