Першую кнігу пра Наталлю Арсенневу прэзентавалі ў Горадні

У Горадні прэзэнтаваная кніга «Натальля Арсеньнева. Шлях да Беларусі», напісаная Алай Петрушкевіч.



arsenneva.jpg

Гэта першая кніга пра вядомую беларускую паэтку. Прэзэнтацыя адбылася ў артгалерэі «Крыга». Прафесар Гарадзенскага унівэрсітэту Аляксей Пяткевіч, які рэдагаваў кнігу, лічыць, што як паэтка Натальля Арсеньнева паднята над зямлёй.
«Хаця ўсякі паэт любіць падымацца над зямным, будзённым, празаічным. Але ў Арсеньневай гэта абсалютна арганічная якасьць. Яна калі і апускаецца на зямлю, то зямля ў яе напоўненая чарамі. Зямля — гэта ня тая, па якой ходзяць, нешта робяць. Гэта нешта іншае, чаго мы, звычайныя людзі ня можам спасьцігнуць, ня можам адчуць, — сказаў ён. — Вось пра такую паэтку напісала кніжку аўтарка, якая здольная жыць на той жа духоўнай хвалі, што й Арсеньнева. Таксама лунаць, таксама чуць тое, што чула яна».
Раней не было кнігі пра Арсеньневу, таму яна цікавая як усякая першая кніга. Кніга была напісаная на адным дыханьні, зазначыў Аляксей Пяткевіч. Аднак Ала Петрушкевіч удакладніла, што працавала над ёй дзесяць гадоў.
Арсеньнева была для нас доўга недасяжнай, жыла за мяжой з 1944 году. Яна нічога асаблівага не зрабіла, як толькі выдала кнігі, сказаў прафэсар Пяткевіч. Ён распавёў аб тым, што асабіста зь яе паэзіяй пазнаёміўся яшчэ ў пятай-шостай клясах, пад час вайны, калі зьбіраў падшыўку часопіса «Новы Шлях», дзе яна часта друкавалася. Яны сьпявалі з настаўніцай песьні, яго любімай была «У гушчарах, затканых імглою» на словы Арсеньневай. Аляксей Пяткевіч прадэклямаваў напамяць яе пачатак.
Ала Петрушкевіч гаварыла пра «загадку Натальлі Арсеньневай», аб тым, як яна, небеларуска, стала вядомай беларускай паэткай.
У вечарыне ўдзельнічалі калегі аўтаркі па унівэрсытэце імя Янкі Купалы, крытык Ігар Жук і паэт Анатоль Брусевіч. Прыйшлі маладыя аматары паэзіі, студэнты, гучалі беларускія народныя песьні.
svaboda.org