Прэзентацыя кнігі Марціновіча «Радзіма. Марк Шагал у Віцебску» адбудзецца ў Вільні

16 лістапада а 18.30 ў Доме правоў чалавека ў Вільні адбудзецца прэзентацыя кнігі Віктара Марціновіча «Радзіма. Марк Шагал у Віцебску».



marc_shagal_radzima.jpg

Чарговая кніга знакамітага беларускага празаіка стала вынікам яго напружанай 15-гадовай працы. Асновай твора з'яўляецца супярэчлівая гісторыя выбітнага мастака ХХ стагоддзя Марка Шагала. Працэс напісання кнігі складаўся з шматгадовых даследаванняў Віцебскай мастацкай школы, ўсебаковага аналізу фактычнага матэрыялу з архіваў і біяграфічных дадзеных пра жыццё аднаго з самых яркіх ураджэнцаў Беларусі.

Марк Шагал амаль усё сваё жыццё правёў у эміграцыі, ствараючы свае шэдэўры, прасякнутыя беларускімі матывамі, за межамі краіны. Кніга «Радзіма. Марк Шагал у Віцебску» канцэнтруецца менавіта на «віцебскім» перыядзе жыцця мастака (1914 – 1915 гг., 1918 – 1920 гг.).

Незразуметы і непрыняты суайчыннікамі пры жыцці, эксперыментатар пакінуў пасля сябе спадчыну, якая цяпер на яго малой радзіме лічыцца беларускай. Адно з цэнтральных пытанняў, паднятых ў кнізе Марціновіча: чаму мы не цэнім сваё і чаму нашы таленавітыя землякі не знаходзяць прызнання на Радзіме?

Віктар Марціновіч беларускі мастацтвазнаўца і публіцыст, аўтар нашумелых раманаў «Параноя», «Сцюдзёны вырай», «Сфагнум», «Мова». У 2008 годзе літаратар абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Віцебскі авангард (1918-1922): сацыякультурны кантэкст і мастацкая крытыка» ў Віленскай Акадэміі Мастацтваў. Пісьменнік таксама з'яўляецца выкладчыкам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта і актыўна супрацоўнічае з ім, у тым ліку рэгулярна праводзіць лекцыі, майстар-класы і прэзентацыі.

Арганізатарам мерапрыемства з’яўляецца Студэнцкае прадстаўніцтва Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта пры падтрымцы Беларускага Дома правоў чалавека.

Усіх, хто хоча прыйсці просяць зарэгістравацца па адрасеkuchynski.dzianis.12@student.ehu.lt