Публічная лекцыя Алеся Смалянчука "Палессе і Скірмунты" ў прасторы ЦЭХ

28 лютага ў межах цыкла публічных лекцый“Urbi et Orbi”, якія ладзяць Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь”, вядомы гісторык Алесь Смалянчук прадставіць вынікі свайго шматгадовага даследавання роду Скірмунтаў. Лекцыя “Палессе і Скірмунты (па матэрыялах вуснай гісторыі)” адбудзецца ў крэатыўнай прасторы ЦЭХ (пр-т Незалежнасці, 58/6), пачатак а 18.30.



116.jpg

Доўгі час гэтай тэмай цікавіліся толькі нешматлікія адмыслоўцы і цікаўныя людзі, пры гэтым факталогія была небагатай. Для шырокага ж грамадства гісторыя Скірмунтаў была малазнаёмай ці не знаёмай зусім. У той жа час з гэтым родам на Палессі звязана нямала цікавых фактаў і падзей: гэта, бадай, самы паспяховы прыклад прадпрымальніцкай дзейнасці ў тагачаснай Беларусі– у 1836 годзе Скірмунты стварылі суконную фабрыку, куды ехалі працаваць майстры з Францыі і Нямеччыны; імя Скірмунтаў гучала і на палітычнай арэне — Раман Скірмунт у 1918 годзе на кароткі час узначаліў урад Беларускай народнай рэспублікі.

Даследаванне Алеся Смаленчука грунтуецца на сумяшчэнні розных падыходаў — як традыцыйнага (праца з гістарычнымі дакументамі), так і новага, які толькі нядаўна ўвайшоў у практыку некаторых беларускіх гісторыкаў — вуснай гісторыі. Менавіта выкарыстанне гэтага новага гістарычнага метаду і робіць працу асабліва цікавай і адметнай. Бо апытанне сведкаў не так даўно мінулай гісторыі дае нам не толькі новую факталогію датычна часу Рамана Скірмунта — часу зараджэння беларускага нацыянальнага руху. Тут, як кажа сам даследчык, падвоеная гісторыя: з аднаго боку, гэта запіс успамінаў, спроба стварыць пэўную нарацыю постаці Скірмунта, а з іншага — гэта даследаванне сённяшніх беларусаў, іх памяці, свядомасці, таго, як яна змянялася. Бо тое, што распавядаюць людзі, залежыць не толькі ад таго, што было 70–80 гадоў таму, але і ад таго, чым яны сёння жывуць, як успрымаюць жыццё.

Да якіх высноваў пра Беларусь пачатку ХХ стагоддзя, пра беларусаў пачатку XXI стагоддзя прыйшоў даследчык? Што з расповедаў пра нацыянальны рух на Беларусі праўда, а што міт? Нацыянальнае ці сацыяльнае — якімі прыярытэтамі жылі паспалітыя беларусы? Запрашаем да разважанняў пра гэта разам з доктарам гістарычных навук Алесем Смаленчуком. Лекцыя “Палессе і Скірмунты (па матэрыялах вуснай гісторыі)“ адбудзецца 28 лютага ў прасторы ЦЭХ (пр-т Незалежнасці, 58/6) а 18.30. Уваход вольны!

cech_kak_dobratsa_01.jpg

Арганізатары забяспечаць online-трансляцыю лекцыі.

Больш падрабязна пра лекцыю, лектара і вусную гісторыю — у спецыяльна падрыхтаваных напярэдадні лекцыі інтэрв’ю: “Гісторык Алесь Смалянчук: Скірмунты стварылі на Палессі наш Ліверпуль на Ясельдзе”; “Мінулае і сучаснасць у межах адной “гісторыі”

Нагадаем, што ў сакавіку ў Лятучым універсітэце пачнецца курс Алеся Смаленчука “Вусная гісторыя: тэорыя і практыка”, на які яшчэ можна падаць заяўку. Падрабязнасці тут