«Санаторый пад клепсідрай»: Збігнеў Герберт
Пераклад літаратуры пераадольвае адлегласці ў прасторы і часе, здымае моўную і культурную (сама)ізаляцыю, робіць далёкіх класікаў «сучаснікамі», а замежных сучаснікаў «землякамі». Што і пакажа цыкл анлайн-сустрэч з беларускімі перакладчыкамі польскай паэзіі і прозы.
Арганізаваны Польскім Інстытутам у Мінску пры падтрымцы выдавецтва “Логвінаў” цыкл “Санаторый пад клепсідрай” уключае літаратурныя чытанні і размовы пра культавых польскіх аўтараў ХХ-ХХІ стагоддзя, сярод якіх ёсць і нобелеўскія лаўрэаты і лаўрэаткі. Файная магчымасць, не пакідаючы кватэры, пачуць геніяльную паэзію, зацікавіцца актуальнай прозай, зарыентавацца ў найлепшых кніжных выданнях польскіх пісьменнікаў па-беларуску.
Падчас чацвёртай сустрэчы Андрэй Хадановіч раскажа пра культавага польскага паэта ХХ ст. Збігнева Герберта (1924-1998).
Чаму менавіта ён – найулюбёнейшы лірык у шматлікіх польскіх чытачоў, якія мроілі пра Нобелеўскую ўзнагароду менавіта для яго? Іпастасі Герберта – эрудыта, рамантыка, эксперыментатара, сюррэаліста, (сама)іраніста, класіка, маральнага аўтарытэта. Аўтар між класічным вершам і вершам у прозе. “Прайсці праз вернасць”: тры формулы Герберта. “Гісторыя пішацца пераможцамі” – ці здольны паэт змяніць гэтую логіку? Як Пан Когіта ўвайшоў у сусветную паэзію і чаму вучыць ягонае “пасланне”? Як Герберт зрабіўся “прынцам паэтаў” і чаму паўстала Ліга абароны польскай паэзіі ад Герберта? Як склалася кананічнае “дзевяцікніжжа” паэта і ці змяніла яго партрэт публікацыя вершаў, не сабраных у кнігах пры жыцці аўтара? Вандроўная эсэістыка “варвара” ў садзе еўрапейскай культуры. “Спроба апісання краявіду”: як стварыць травелог і вербалізаваць візуальнае без інтэрнэта і гаджэтаў? Як рэканструяваць Гамэра і Сакрата з дапамогай радыёп’ес? Тры выданні Герберта па-беларуску: ад “Рапарта з Горада ў аблозе” да новага двухтомніка. Беларускі Герберт у версіях Юрася Бушлякова, Марыны Казлоўскай, Марыі Мартысевіч, Сержа Мінскевіча, Андрэя Хадановіча.
Запрашаем да прагляду і заахвочваем да актыўнага ўдзелу – задавайце пытанні і дзяліцеся меркаваннямі.
Польскі Інстытут у Мінску у сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй цалкам пераносіць сваю дзейнасць у віртуальную прастору. У сувязі з гэтым запрашае сачыць за інфармацыяй і падзеямі на сайце і старонках у сацыяльных сетках:www.instpol.bywww.facebook.com/instytutpolski.wminskuwww.vk.com/instytut_polski_w_minsku
#Заставайсядома – культура прыйдзе да Цябе!