Серж Танкян з System Of A Down заспяваў з Кацяй з гурта IOWA

Спявачка з гурта IOWA Каця Іванчыкава і Серж Танкян, лідар сусветна вядомай армяна-амерыканскай каманды System Of A Down запісалі сумесны трэк "Цудоўны дзень, каб памерці/A Fine Morning To Die".

Фота з сайта euroradio.fm

Фота з сайта euroradio.fm

Песня стане загалоўнай кампазіцыяй саўнд-трэка для расійскага фільма-фэнтэзі "Легенда пра Калаўрата", паведамляе euroradio.fm.
Дагэтуль музыкі не былі знаёмыя. Танкян асабіста праслухаў некалькі расійскіх спявачак, але найбольш яму спадабалася манера спеваў беларускі Іванчкавай. Каця ў сваю чаргу кажа, што яна вырасла на музыцы System Of A Down і ліст з прапановай запісаць дуэт да фільма стаў поўнай нечаканасцю.
Песня напісаная Танкянам, які з'яўляецца асноўным кампазітарам фільма. Над тэкстам працавалі Яўген і Дзмітрый Раеўскія і Каця Іванчыкава. Партыя Сержа запісвалася ў Лос-Анжэлесе, Каця пісала свой вакал у Пецярбургу.
"Я марыў пра такі праект апошнія некалькі гадоў. Злучыць вялікі аркестр, вар'яцкі рок і этнічныя музычныя матывы — у гэтым сэнсе мая мара спраўдзілася. Магу смела заявіць, што неверагодна ганаруся працай над музыкай да фільма "Легенда пра Калаўрата". І мне было вельмі цікава і прыемна пасупрацоўнічаць з Кацяй, яна вельмі адораная музыка".