Сябры Слуцкага ТБМ уручылі 200 случчанам паштоўкі ад «Новага часу»
Паштоўкі ад «Новага Часу» з нагоды Дня роднай мовы былі раздадзены 20 і 21 лютага на вуліцах Слуцка. Случчане ахвотна бралі паштоўкі з падпісным індэксам беларускамоўнай незалежнай газеты. Ніводзін з жыхароў горада, якія атрымалі віншаванне ад газеты, не выказалі адмоўнага стаўлення да роднай мовы.

— Складваецца ўражанне, што большасць грамадзян разумеюць ненармальнае становішча роднай мовы ў краіне і хацелі б яго змяніць, — гаворыць Зінаіда Цімошак, старшыня Слуцкага ТБМ. — Людзі абураюцца пры размовах малой колькасцю гадзін у школах, адсутнасцю беларускамоўнага асяроддзя, дзе дзеці маглі б праявіць свае школьныя веды. Парадаксальная сітуацыя: дапамагчы дзецям у авалодванні ведамі па беларускай мове і літаратуры ў хатніх умовах могуць толькі бабулі, якія ў савецкія часы хадзілі ў беларускамоўныя вясковыя школы.
Адзін з суразмоўцаў на вуліцы — слуцкі мастак. Валянцін Паўлавіч патрапіў у Слуцк ужо ў сталых гадах. Шкадуе, што ў Слуцку рэдка можна сустрэць беларускамоўных людзей. Зацікавіўся газетай «Новы Час», дзе можна прачытаць «пра сваё».
— Трэба нешта рабіць з дыскрымінацыяй у адносінах да беларускамоўных людзей і беларускамоўных арганізацый. Чым далей жыву, тым болей адчуваю сябе беларусам, у якога ліквідавалі душу. Савецкі дух Слуцка дастойны стаць героем сатырычных раманаў, — зазначыў мужчына.
Ён так узрадаваўся віншаванню «Новага Часу» і роднай мове, што на некаторы час далучыўся да групы сябраў ТБМ.
Яшчэ адна суразмоўца, жанчына, доўга дзякавала за віншаванне, распытвала пра змест газеты і абяцала яе выпісаць.
Цікава павёў сябе мужчына, што сустрэўся на мосце праз раку Случ. Спачатку ён падумаў, што акцыю віншавання праводзіць аб’яднанне «Белая Русь» і даволі рэзка запытаў аб тым, ці не вешае гэтая газета чарговую «дзяржаўную лапшу». Даведаўшыся пра тое, што газета недзяржаўная, падабрэў і падзякаваў за яе рэкламу.