Шмат смачных фотадоказаў, чаму варта завітаць на Vulitsa Ezha
4–5 верасня ў Батанічным садзе сталіцы праходзіць трэці ў гэтым сезоне гарадскі пікнік Vulitsa Ezha, на якім мінчукі і госці развітваюцца з хутка праляцеўшым летам. Зараз Vulitsa Ezha засталася амаль адзінай са шматлікіх «рухаў», якія праходзілі ў Мінску штогод і збіралі сяброў і наведвальнікаў з усёй краіны.
За час свайго існавання Vulitsa Ezha вырасла да сапраўднага фестывалю, на якім можна не толькі пачаставацца смачнай ежай, але таксама наведаць фермерскі маркет, набыць упрыгожанні ды цацкі ад розных майстроў, прыняць удзел у шматлікіх гульнях на вольным паветры і даведацца аб сакрэтах прыгатавання страў на майстар-класах вядомых кухараў.
Не будуць сумаваць і маленькія госці — для іх падрыхтавана шмат пляцовак з рознымі актыўнасцямі, дзе яны самі ці разам з бацькамі вельмі цікава бавяць час.
Галоднага чалавека тут можна ўбачыць толькі на ўваходзе. Ежай на любы густ тут гатовы пачаставаць вас амаль з першых метраў. На фэсце рады ўсім — мясаедам, вегетарыянцам, веганам, аматарам амерыканскай, усходняй, еўрапейскай кухні. Вустрыцы ці камчацкі краб? Калі ласка! Ірваная ялавічына па-тэхаску? Ніякіх пытанняў! Салодкі трдэльнік ці галандскія аладкі? З нашым задавальненнем! Рыба ці мяса на грылі? Выбірайце!
Дарэчы, у гэты раз на Vulitsa Ezha завіталі госці з Масквы з пакуль яшчэ экзатычным для нас карэйскімі пян-се. Гэта сакавітая паравая булачка з рознымі начынкамі (ялавічына, свініна, кімчы, ласось і іншыя) са шматлікімі спецыямі. Знешне яны падобныя на знакамітыя бао-цзы з мультфільма аб прыгодах кунг-фу панды По. Асабіста ад сябе пазначу, што гэта вельмі смачна і троху нагадвае манты.
А для тых, хто непакоіцца аб таліі, арганізатары падрыхтавалі вялікую музычную праграму — цягам усяго дня на дзвюх пляцоўках граюць ды-джэі, а бліжэй да вечара адбудуцца канцэрты вядомых беларускіх музыкантаў, дзе можна будзе пакінуць лішнія калорыі.
Нагадаем, што сёння Vulitsa Ezha працуе з 12 да 22 у Батанічным садзе Мінска.