Таццяна Грыневіч: Мы ў лепшым становішчы, чым курды, — мы маем краіну

Вядомая беларуская спявачка і бард Таццяна Грыневіч ужо 8 месяцаў жыве ў Турцыі. Яна сумуе па Беларусі, шчыра перажывае за беларусаў, адсочвае ўсе падзеі, якія тут адбываюцца.

nil85_37.jpg

З Таццянай Грыневіч-Матафонавай пагутарыў карэспандэнт «Радыё Рацыя». Спявачка пагадзілася паразважаць пра лёс беларусаў, пра гістарычнае мінулае і сённяшні час, пра нашу мову і культуру.

— Спадарыня Таццяна, вы цяпер знаходзіцеся далёка за межамі Беларусі. Як Вы думаеце, ці Кастусь Каліноўскі ў свой час мусіў эміграваць? І ці генерал Булак-Булаховіч мог вярнуцца на Беларусь? Пытанні, праўда, не для жанчыны, якая займаецца бардаўскай, аўтарскай і народнай песняй, цудоўна іх выконвае, але тым не менш. Хацелася б пачуць вашу думку…

— Лічу, што кожны чалавек, які жыў, жыве і будзе жыць мусіць прайсці свой шлях, той, які дадзены Богам, і абмяркоўваць ці правільны гэты шлях — як спрачацца, ці абсалютны абсалют. Можна і эміграваць, і вярнуцца, і кожны з гэтых варыянтаў быў і будзе правільны. Нашы героі выбіралі і выбіраюць лепшыя шляхі на іхняе гледзішча ў дадзеным часе і эпосе. Усе падзеі звязаныя. Каліноўскі аддаў жыццё тады, каб мы зараз абудзіліся, Булаховіч змагаўся тады, каб мы зараз працягвалі змаганне. І толькі тады, калі мы ўсе, не адзін, не сто, не тысяча, нават не 300 тысяч беларусаў, а ўсе разам адчуем сувязь з нашай зямлёй, з каранямі, з мовай, культурай нашых продкаў, адчуем моц нашай зямлі і напоўнімся яе энергіяй, пазітывам, то, па законах сусвету, тыя жахі, што мы кожны дзень сёння бачым у навінах, павінны змяніцца на шчаслівую і квітнеючую Беларусь нашай мары, вольную, без дыктатуры, без катаванняў і забойстваў, але такую, якую мы ўжо бачылі ўвосень 2020 года, — з вялікай узаемадапамогай, падтрымкай, любоўю адно да аднаго. Мы на правільным шляху. І можна з упэўненасцю сказаць, што шляхі Каліноўскага і Булаховіча таксама былі і ёсць правільнымі.

— Мы любім Беларусь. Але ці дастаткова мы любім адно аднаго?

— Тыя падзеі 2020 года крыху адкрылі нам сакрэт, якой павінна быць наша любоў адно да аднаго. Але, вядома ж, нам не хапае, безумоўна, любові. За апошняе дзесяцігоддзе я шмат назірала, як беларусы сварацца паміж сабой, асабліва гэта было бачна за мяжой: спрэчкі з-за грошай, нерухомасці, улады, месца пад сонцам. Нешта падобнае, толькі ў павялічаным маштабе, мы назіраем і сёння ў Беларусі. Людзі — як дрэвы: адны з падрэзанымі каранямі, іншыя — з моцнымі (маю на ўвазе сувязь з продкамі, мовай, культурай) адкуль змогуць пачуць адно аднаго, калі часам нават людзі з адной і той жа пазіцыяй не могуць знайсці паразумення? Калі мы не маем любові, чаму чакаем, што любоў будзе вакол, чаму чакаем любові ад акупантаў? Яны ж прыйшлі, каб знішчыць нас. А мы да іх з любоўю, з кветкамі… Нешта не спрацавала. Ці мы былі не шчырымі, ці з акупантамі такая схема не пасуе?.. Але ўсё роўна павінна заставацца штодзённая праца кожнага чалавека над самім сабой, вучыцца любіць, паважаць, прымаць, чуць, рабіць дабро, самаадукоўвацца, бо, выглядае, што прычына ўсіх праблем нашай зямлі ў адсутнасці каранёў і нелюбові, інакш бы акупанты не здолелі прыйсці на нашу зямлю.

— Мы супольныя ў эмоцыях і пачуццях, але розныя ў мове. Што рабіць?

— Эмоцыі і пачуцці беларуса — таксама цікавая тэма. Беларус увесь час плакаў у песнях, у вершах, у жыцці — і зараз плача. Тыя эмоцыі, якія акумулюе ў сабе чалавек, прыцягваюць аналагічныя жыццёвыя сітуацыі. На нейкі кароткі час мы змянілі свае эмоцыі і пачуцці, паверылі — і Беларусь стала іншай. Але ў нас не хапіла сіл, любові і мовы як чынніка, які аб’ядноўвае народ. Мова і культура калісьці сталі падставай для стварэння дзяржавы. У 1863 годдзе пачаліся такія ж абсурдныя прысуды, катаванні, забойствы ні за што, як і зараз. Але гэта толькі падаецца, што ні за што, бо мова і сімвалы — гэта ўсё. Атрымліваецца, што ў той час наш народ не да канца засвоіў урок жыцця, не цалкам адпакутаваў, таму ўсё паўтарылася спачатку ў 1937-м, цяпер сёння. Вусцішна ад гэтай думкі, але менавіта такі наш шлях да Беларусі, і мы яго мусім прайсці. Калі мы не справімся, то з такой жа сітуацыяй сутыкнуцца нашы нашчадкі праз 100 год. І звягаць у інтэрнэце на кожным кроку «гэты зрабіў не так, а той зрабіў не гэтак», такім чынам праяўляючы агрэсію — гэта крок назад, бо кожны робіць справу па сваім разуменні, хтосьці ад шчырага сэрца, хтосьці — каб зарабіць грошай, хтосьці — каб усё парушыць, але судзіць можа толькі Бог. У дадзеным выпадку я не маю на ўвазе акупантаў і іх памагатых, якія чыняць гвалт. Я кажу пра нас з вамі, хто ўдзельнічаў у падзеях 2020 года, хто — седзячы дома і крытыкуючы і абвінавачваючы, хто — выходзячы на вуліцы з кветкамі і песнямі, розніцы няма, бо ўсе мы былі задзейнічаны нейкім чынам, эмацыйна рэагуючы на падзеі, і толькі нашы эмоцыі мяняюць свет вакол нас (дрэнныя эмоцыі ў горшы бок, добрыя — у лепшы). Толькі любоў і мова выратуюць нас. Знаходзячыся 8 месяцаў у Турэччыне, я нават ўявіць не магу, каб туркі паміж сабой пачалі камунікаваць на чужой ім мове. Таксама бачу, як турэцкія курды вельмі трымаюцца сваёй мовы, і гэта тое, што іх уратуе як нацыю. Але на дадзены момант якая нават не мае сваёй краіны. Мы ў лепшым становішчы, бо маем дзяржаву, але ў горшым, бо не маем мовы. Таму і чужынец да нас ідзе, бо пачуваецца тут як свой, пачынае намі кіраваць і ўказваць, як нам жыць, а ў горшым выпадку — забівае нас.

— Ці мова — гэта панацэя?

— Мова — гэта панацэя ў стагоддзях. Каб ёй стагоддзямі карысталіся, то цяперашняя сітуацыя была б абсалютна іншая, значна лепшая. Калі зараз адрадзіць мову, то яна, безумоўна, зварухне грамадства і наблізіць нас да перамогі, а таксама спрацуе на будучыню Беларусі, каб на нашу зямлю больш ніколі не ступала нага акупанта. Але зараз падумалася, што з-за мяжы разважаць лёгка і пра карані, і пра любоў, і пра змаганне, як трэба, як не трэба, і пра мову, і пра ўсё на свеце. Але калі твой дом у агні, у небяспецы, то застаюцца толькі думкі, «як выжыць», таму ўсім нам жадаю цярпення, веры і працы над сабой. Лепшы час прыйдзе. Я веру.

— Над чым вы зараз працуеце?

— Мая творчая і грамадская праца нязменная вось ужо гадоў пятнаццаць. І не мае розніцы, куды мяне жыццё заносіць, я заўжды адданая беларускай справе. Разам з Сяржуком Сокалавым-Воюшам зараз распачалі ў зуме ладзіць творчыя сустрэчы, 7 чэрвеня а 20-й адбудзецца чацвёртая па ліку з удзелам барда і фалькларыста Аляксея Галіча. Далучайцеся. Многа часу прысвячаю стварэнню і запісу песень, якія выкладаю на ютуб-канале «Matafan Records», таксама на канале можна пабачыць відэападарожжы па Стамбуле, па музеях Стамбула, можна пачуць вершы з дыскаў «Няма прыгажэй ад маёй Беларусі» і «Сотня вершаў», народныя танцы і шмат чаго іншага.

Альжбета Руніцкая, «Беларускае Радыё Рацыя»