ТОП–5 дарагіх карцін у галерэях Гродна

Колькі каштуюць самыя дарагія карціны ў Гродне і чыйму пэндзлю яны належаць? Мы абышлі гарадзенскія галерэі, каб дазнацца, колькі каштуе сапраўдны талент і якія тэндэнцыі назіраюцца сярод гарадзенскіх аматараў мастацтва.



get_img76.jpg

Калі на заводах заўсёды можна распісаць, з чаго складаецца кошт прадукцыі, то ў мастацтве, вядома, усё па-іншаму. Галоўнае, ад чаго залежыць кошт — імя аўтара, колькасць у яго персанальных выставаў на радзіме і за мяжой, наяўнасць яго прац у мастацкіх музеях.

Можа стацца, што галерэя складае кантракт з мастаком і пасля дыктуе, па якіх коштах яму прадавацца. Здараецца і так, што мастакі адмыслова завышаюць кошт сваіх прац, каб яны доўгі час знаходзіліся ў галерэях і рабілі аўтару рэкламу.

Мы пастараліся сабраць пяць самых дарагіх карцін, якія на сённяшні момант упрыгожваюць сцены гарадзенскіх галерэй. Прадстаўляем іх у парадку ўзрастання коштаў.

5 месца. Галерэя “Хата мастака”, працы Наталлі Ляпкінай, цана 2 000 000

get_img?ImageId=32740

 

 

— Серыя прац была напісана мастачкай пасля паездкі ў Непал, дзе дзяўчына жыла пэўны час. Тут праглядаецца тэма будызму і мясцовага каларыту. На адной з карцін — сын духоўнага настаўніка Наталлі, — расказала гісторыю ўзнікнення твора дырэктарка “Хаты мастака” Жана Жукава. — Наталля Ляпкіна — мастачка даволі вядомая ў Гродне. У нас была яе персанальная выстава. Яна ўжо мае сваіх пакупнікоў: людзі яе ведаюць, хтосьці нават серыямі купляе карціны.

— Наконт тэндэнцыяў казаць цяжка, але мне падаецца, — працягвала Жана, —што народ наш ужо адышоў ад рэалізму. Калі раней былі запатрабаваны рэалістычныя пейзажы, нацюрморты, то зараз пад сучасныя інтэр’еры людзі абіраюць нейкія абстрактныя філасофскія карціны.

4 месца. Галерэя “У майстра”,  Васіль Мартынчук “Вавілонская вежа”, цана 4 253 000

 

get_img?ImageId=32745

 

— Васіль Мартынчук — гарадзенскі мастак. Ён рабіў серыю прац на біблейскую тэматыку. Гэта “Вавілонская вежа”, а ёсць яшчэ “Каханне караля”, ёсць “Давідавы песні”, — расказала дырэктарка галерэі, мастацтвазнаўца Ала Матук. — Праца гэтая — паўтор з выставы, што ладзілася ў Варшаве. Звычайна паўторы каштуюць троху танней за арыгіналы, але творчасць Васіля даволі папулярная і ў нас, і на Захадзе — таму вось так…

get_img?ImageId=32743

 

Спадарыня Ала заўважае, што зараз гарадзенцаў цікавіць крэатыўнае мастацтва, а класічны рэалізм ужо троху надакучыў. Але ж карціны, якія адлюстроўваюць Гродна і гарадзенскую архітэктуру актуальныя заўсёды.

— Трэба адчуваць мяжу паміж высокім мастацтвам і тым, што прынята называць “кічам”. Таму што звычайна спажывец просіць нешта такое, каб яно было “Ах!”. Калі ты паказваеш яму нешта высокае, ён кажа: “Не цікава”. Яны хочуць нешта “ВАЎ”  — феерверк фарбаў…

Аднак мае меркаванне мастацтвазнаўцы не заўсёды правільнае. Пакуль працую тут, зразумела, што колькі карцін — столькі і пакупнікоў. Гэтаксама, як колькі хлопчыкаў, столькі і дзяўчатак, якім яны падабаюцца.

3 месца. Гарадзенская выставачная зала, Сяргей Грыневіч “Ванна Клеапатры”, кошт 9 800 000

 

get_img?ImageId=32738

 

 

— Грыневіч — адзін з самых знакамітых мастакоў у Гродне. Ён выстаўляецца ў Швейцарыі, Польшчы, Кіеве, Маскве, — расказала пра аўтара карціны дырэктарка выставачнай залы Ірына Сільвановіч. — У свой час ён скончыў Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут. Гэта мастак-манументаліст, такіх прафесіяналаў выпускаюць 5–6 чалавек у год, і яны валодаюць рознымі тэхнікамі. У старым корпусе ўнівермага ёсць вітражы Грыневіча, у 4-й лякарні — яго графіка на сценах. Грыневіча ўсе ведаюць і ўсе галерэі хочуць з ім супрацоўнічаць.

Як лічыць спадарыня Ірына, галоўны крытэр, па якім гарадзенцы зараз абіраюць карціну, — “каб падабалася і пасавала да інтэр’еру”. Але зацікаўленасць мастацтвам ідзе зараз на спад: як у Гродне, так і ў Мінску карціны купляюць радзей.

2 месца. Галерэя “Тызенгаўз”, Ганна Сілівончык, кошт каля 13 000 000

 

get_img?ImageId=32749

 

 

Ганна — вядомая мінская мастачка. Шматслойнасць і метафарычнасць яе выяўленчай мовы ўражвае. Творчасць Ганны — гэта своеасаблівая філасофія жыцця, народжаная з глыбінных эмацыйных перажыванняў.

1 месца. Галерэя “Тызенгаўз”, Сяргей Грыневіч “Чарлі Чаплін”, кошт 18 250 000

 

get_img?ImageId=32747

 

 

get_img?ImageId=32748

 

— Аўтар — Сягрей Грыневіч, і, я думаю, гэтым усё сказана, — была нешматслоўнай дырэктарка галерэі Галіна Сарока.

 

 

get_img?ImageId=32746

— Кожная карціна павінна знайсці свайго чалавека. Да таго ж, у чалавека павінны аказацца грошы, якіх яна каштуе, — растлумачыла асноўную тэндэнцыю спадарыня Галіна. — А гэтыя параметры супадаюць рэдка. Таму прадаць добрую дарагую карціну ў наш час вельмі няпроста.

Мы паспрабавалі высветліць, колькі каштуюць карціны, што вісяць у арт-кафэ “Палітра”, аднак там нам чамусьці сказалі, што карцін яны не прадаюць. На вока мы ацанілі, што сярод прац, што вісяць на сценах кавярні, дакладна павінны быць карціны ў дыяпазоне ад 5 да 10 мільёнаў, якія маглі б патрапіць у наш топ.

 

get_img?ImageId=32736


 

У “Крыгу” мы завіталі акурат падчас пленэру польскіх і нямецкіх мастакоў, таму вырашылі не турбаваць спадарыню Марысю, бо ў дырэктаркі галерэі і без нас было шмат-шмат клопатаў. Але сапраўдныя аматары мастацтва ведаюць, што там можна сустрэць творы вельмі рознага кошту: як цалкам даступныя, гэтак і не вельмі.

www.t-styl.info

Здымкі Яўгена Кандратовіча