Трэцяя прэм’ера Курэйчыка
4 чэрвеня на тэлеканале «РТР-Беларусь» — прэм’ера расійска-французскай стужкі «Я дачакаюся» ад сцэнарыста Андрэя Курэйчыка. Гісторыя францужанкі, якая трапіла ў Савецкі Саюз, беларускае кіначынавенства не зацікавіла.
4 чэрвеня на тэлеканале «РТР-Беларусь» — прэм’ера расійска-французскай стужкі «Я дачакаюся» ад сцэнарыста Андрэя Курэйчыка. Гісторыя
францужанкі, якая трапіла ў Савецкі Саюз, беларускае кіначынавенства не зацікавіла.
Сцэнарыст Андрэй Курэйчык сёлета прадстаўляе трэцюю прэм’еру. Дзве першыя стужкі «Ёлкі» і паўтор «Службовага раману» былі лёгкімі расійскімі камедыямі.
Карціна «Я дачакаюся» — сур’ёзная драма, пастаўленая паводле п’есы Курэйчыка «Тры Жызэлі».
У аснове фільму — гісторыя, якую расказала Курэйчыку кіраўніца тэатру «Сучаснік» Галіна Воўчак. Францужанка Жызэль Купес жыла ў Парыжы да вайны, але закахалася ў рускага
салдата і паехала за ім у Савецкі Саюз. Там яе чакалі цяжкія выпрабаванні, якія Жызэль прайшла з годнасцю. «Уласна, пра гэта і кіно, — падкрэслівае Курэйчык. — Як захаваць
годнасць у вусцішных, пачварных умовах».
Сцэнарыст прапаноўваў стужку «Беларусьфільму», але прапанова была адрынутая. «Тады я прадаў сцэнар Аляксандру Алейнікаву, аднаму з прадзюсараў фільму
«Любошчы-мілошчы», а ён ужо знайшоў для яго кампанію і рэжысёра», — распавядае Курэйчык. Музыку для інтэрнацыянальнай стужкі напісаў беларускі кампазітар Сяргей
Ждановіч.
П’еса «Тры Жызэлі», па якой зроблены фільм, у 2004 годзе выйграла міжнародны драматургічны конкурс «Еўразія». На мінскай сцэне яна была пастаўленая ў
Новым драматычным тэатры Аляксандрам Гарцуевым.
«Гэта першая сапраўдная экранізацыя маёй п’есы, — кажа пра стужку Андрэй Курэйчык, які на сёння адзін з сама паспяховых расійскіх сцэнарыстаў. — На жаль, я не маю
пакуль магчымасці рэалізаваць сябе ў беларускім кінематографе».
Трохгадзінны фільм «Я дачакаюся» разбіты на серыі па 45 хвілінаў. Першая серыя — а 20.45 з паўторам раніцай.