У беларусаў з’явіўся ўласны кінарэйтынг

Цяпер у беларусаў ёсць кінарэйтынг, альтэрнатыўны «КиноПоиску». Беларускія эксперты кіно сумесна з лічбавым тэлебачаннем VOKA склалі топ-50 найлепшых фільмаў, якія павінен паглядзець кожны беларус.

cinevoka_v18.png


У складанні рэйтынгу ўзялі ўдзел беларускія эксперты кіно: дырэктар па рэпертуары сеткі кінатэатраў Silver Screen Анастасія Гурына, кіраўнік праекта «Беларускія ўікэнды» Андрэй Кім, кінакрытык Тарас Тарналіцкі, рэдактар afisha.tut.by Ганна Яфрэменка, аглядальнік bycard.by Антон Каляга, кіназнаўца і рэдактар газеты «Антэна» Наста Целяшова, кінааглядальнік «Комсомольской правды» Аляксандр Дудзік.

За аснову быў узяты пакет MEGOGO на VOKA, у якім прадстаўлена больш за 6000 фільмаў розных жанраў. З іх кінакрытыкі абралі топ-50, які, на іх думку, з’яўляецца must see для кожнага беларуса.  

У топ увайшлі такія культавыя стужкі, як «Уцёкі з Шоўшэнка», «Залегчы на дно ў Бруге», «Ла-Ла-Лэнд», «Агідная васьмёрка», «Тоні Эрдман», «Каралеўства поўнага месяца» і іншыя.

Азнаёміцца з поўным рэйтынгам можна на старонцы VOKA ў сацсетцы «Вконтакте». Тут жа пройдзе галасаванне за фільмы, якія будуць агучаныя на беларускую мову і размешчаныя ў раздзеле «cinevoka – кіно па-беларуску».

Такім чынам, кожны карыстальнік можа паўплываць на тое, якія менавіта фільмы з прадстаўленага рэйтынгу ўбачаць свет у прафесійнай беларускай агучцы. Ужо сёння ў раздзеле «cinevoka – кіно па-беларуску» можна знайсці такія культавыя стужкі на беларускай мове, як «Маленькі Прынц», «Кніга Ілая», «Прыгоды Падынгтана», «Жыццё цудоўнае», «12 раззлаваных мужчын» і іншыя.