У Вашынгтоне пашкоджаны помнік Тадэвушу Касцюшку
Акт вандалізму адбыўся падчас пратэстаў пасля смерці ў Мінеапалісе афраамерыканца Джорджа Флойда.

ФотаTed Bobosh, www.flickr.com
У Вашынгтоне пашкоджаны помнік Тадэвушу Касцюшку, які знаходзіцца недалёка ад Белага дому. Акт вандалізму меў месца падчас пратэстаў пасля смерці ў Мінеапалісе афраамерыканца Джорджа Флойда.
Удзельнікі пратэстаў напісалі фарбай на пастаменце антыўрадавыя і вульгарныя лозунгі.
«Я абураны актам вандалізму, што закрануў помнік Тадэвушу Касцюшку, які змагаўся за незалежнасць Польшчы і Злучаных Штатаў», — напісаў пасол Польшчы ў ЗША Путр Вільчэк. Кіраўнік дыпмісіі заклікаў амерыканскія ўлады як мага найхутчэй правесці рамонт помніка.
У сваю чаргу карэспандэнт Польскага радыё ў ЗША Марэк Валкускі назваў інцыдэнт «іроніяй лёсу», зазначыўшы, што Касцюшка быў прыхільнікам пашырэння правоў для чорнага насельніцтва Амерыкі.

Фота: Cliff from I now live in Arlington, VA (Outside Washington DC)
46-гадовы чарнаскуры Джордж Флойд памёр падчас затрымання паліцыяй у Мінеапалісе. Неўзабаве пасля яго смерці ў інтэрнэце з'явіўся фільм, на якім бачна, як паліцэйскі моцна прыціскае мужчыну каленам да зямлі. Затрыманы крычыць, што ня мае як дыхаць, аднак паліцэйскі не рэагуе. Неўзабаве Флойд памірае.
Пасля інцыдэнту ў амерыканскіх гарадах пачаліся пратэсты, якія хутка перайшлі ў беспарадкі.
Паліцэйскіх, якія бралі ўдзел у затрыманні мужчыны, звольнілі са службы. Аднаму з іх высунутае абвінавачанне ў здзяйсненні забойства.