У Баранавічах зафарбуюць графіці з князем Кейстутам

Замест узгодненай сцяны інтэрната УА «Баранавіцкі тэхналагічны каледж» Белкаапсаюза, графіцісты размалявалі будынак сталовай.



kejstuta_zafarbuyuc.jpg

Акцыя «Must Act — Must Art» пачалася ў горадзе 12 ліпеня. Адно з графіці павінна было размяшчацца на сцяне інтэрната каледжа. Аднак, па словах аднаго з арганізатараў акцыі, баранавіцкага рэпера Андрэя Цяпіна, графіцістам спадабалася сцяна сталовай каледжа насупраць. На свой страх і рызыкуа яны пачалі размалёўваць сцяну, не паведаміўшы пра гэта ўласніку.
Як аказалася, будынак сталовай знаходзіцца на рамонце. Па праекце рэканструкцыі графіці на сцяне не прадугледжана. У сувязі з гэтым, па словах Цяпіна, кіраўніцтва каледжа вырашыла сцяну зафарбаваць.
— Мы звярталіся ў каледж, прасілі знайсці магчымасць захаваць малюнак, — тлумачыць Андрэй Цяпін. — Кіраўніцтва некалькі дзён думала, як гэта ажыццявіць, але, у канчатковым выніку, вырашылі зафарбаваць. Магчыма, праз два тыдні графіці з Кейстутам не будзе.
— Хлопцы сказалі, што пераблыталі сцены, — тлумачыць дырэктар каледжа Таццяна Грабоўская. — Мы былі б радыя бачыць гэтае графіці на сцяне нашага інтэрната, дзе яно і было запланавана. Будынак сталовай знаходзіцца на рэканструкцыі, і, згодна з праектам павінен быць вытрыманы ў пэўным каляровым стылі. Каб пакінуць графіці, давядзецца ўносіць змены ў праект, а гэта каштуе немалых грошай.
Дырэктар каледжа паведаміла, што графіці не будуць чапаць да пачатку прац па рэканструкцыі фасада.
intex-press.by