У Брэсце прайшоў «Зюзя-фэст»

За сімвалічны кошт у 20 тысяч беларускіх рублёў кожны меў магчымасць пазнаёміцца са старажытнымі беларускмі танцамі і гульнямі на першым «Зюзя-фэсце». Этнавечарына ад моладзевай самастойнай ініцыятывы «Зюзя-club» і прадстаўнікоў праекту «Бацькі.by» адбылася ў апошнюю пятніцу верасня. Галоўным госцем быў сталічны тэатр старадаўняй культуры «ЯВАРЫНА». Вечарына сабрала людзей розных узростаў, нацыянальнасцей і позіркаў, амаль 70 чалавек. 



zuza.jpg

Адна з арганізатараў мерапрыемства і прадстаўнік «бацькоў» Вольга Крусь расказала, як з’явілася ідэя і з якой мэтай ствараўся фэст: 

—  Мы — група аднадумцаў, якія знаёмыя даўно, цягам, напэўна, некалькі год. Ва ўсіх склалася агульнае ўяўленне, як павінна адпачываць моладзь ў Берасці. Мы не ходзім на звычайныя дыскатэкі, мы любім нешта з сэнсам, з цікавым падмуркам, звязаным з паходжаннем беларускага этнасу. Карацей кажучы, мы такія гісторыкі-рамантыкі, таму ўсё лагічна. Часам мы не ведаем, куды пайсці ўвечары. І мы падумалі, што есць людзі, якім таксама няма куды пайсці — і трэба іх аб’яднаць. Значыць правесці нешта такое, што спадабалася б нам і ім.


Што датычыцца наступнага фэсту, Вольга адзначыла, што спачатку варта звярнуць увагу на добрыя і не вельмі моманты мерапрыемства і зрабіць вынікі, а ў астатнім усё залежыць ад Зюзі.
mybrest.by