У Мінску ўручаць прэміі «Залаты апостраф»

25 лютага ў «Арт Сядзібе» будуць абвешчаныя пераможцы літаратурнай прэміі «Залаты апостраф-2013», якую штогод ладзіць часопіс «Дзеяслоў».



a1dba375_4913_44e4_8197_64dbc2ae1d7b_w640_r1_s.jpg

Сёлета ўручаць прэміі за найлепшыя публікацыі ў намінацыях «паэзія», «проза» і «non-fiction», якія друкаваліся ў часопісе «Дзеяслоў» цягам 2013 года.

Пераможцаў традыцыйна абірае рэдакцыя часопіса, а гэта літаратары Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Анатоль Івашчанка і Андрэй Федарэнка. Разам з тым паўплываць на вынікі прэміі маглі і ўсе ахвочыя — галасаванне за найлепшыя творы адбывалася таксама ў інтэрнэце.

«Галасаванка чытачоў у інтэрнэце, безумоўна, улічваецца. Гэта, па сутнасці, як яшчэ адзін сябра журы. Аднак канчатковае рашэнне за журы ў складзе рэдакцыі „Дзеяслова“. Таму інтрыга будзе захоўвацца да моманту абвяшчэння пераможцаў», — сказаў Радыё Свабода намеснік галоўнага рэдактара «Дзеяслова» Алесь Пашкевіч.

Такім чынам, інтрыга, што да лаўрэатаў, захоўваецца. Вынікі ж галасавання сярод чытачоў у інтэрнэце наступныя. У намінацыі «Паэзія» перамагла Вольга Гронская за твор «Казкі пра вар’ятаў», апублікаваны ў «Дзеяслове» № 67. У намінацыі «Проза» чытачы палічылі найлепшай Еву Вежнавец за апавяданне «Вінны яблык», які выйшаў у «Дзеяслове» № 66. У намінацыі «non-fiction» чытачы аддалі найбольш галасоў за крытычныя артыкулы Сяргея Кавалёва «Няздзейснены праект пакалення. Драматургія „Бум-Бам-Літа“», што выйшаў у «Дзеяслове» № 64, і «Прэпараванне міфа. Таварыства „Тутэйшыя“ ў люстэрку крытыкі», апублікаваным ў «Дзеяслове» № 63.

Таксама рэдакцыя «Дзеяслова» ўручыць прэмію аднаму са старэйшых пісьменьнікаў — за ўнёсак у сучасную беларускую літаратуру.

Літаратурная прэмія «Залаты апостраф» заснаваная ў 2003 годзе рэдакцыяй часопісу «Дзеяслоў», аўтары якога і становяцца намінантамі. У розныя гады яе лаўрэатамі станавіліся Леанід Дранько-Майсюк, Андрэй Хадановіч, Глеб Лабадзенка, Валярына Кустава, Вольга Гапеева, Вольга Іпатава і іншыя.

www.svaboda.org