У Віцебску стартуе арт-праект нямога кіно

"Кінапалёт" пройдзе ў абласным цэнтры з 21 лістапада па 19 снежня.



kino.jpg

marketing.by

Незвычайны арт-праект «Кінапалёт», які ўяўляе сінтэз нямога кіно і эксперыментальнай музыкі, стартуе ў Віцебску.

Навуковы супрацоўнік музея «Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва» Уладзімір Булаўскі распавёў, што мерапрыемствы пройдуць з 21 лістапада па 19 снежня.

Праект арыентаваны на зацікаўленую публіку — кінаманаў, знатакоў сучаснага мастацтва. А таксама на тых, каму цікава даведацца больш пра ранні айчынны і сусветны кінематограф, паведамляе БЕЛТА.

У праграме прымуць удзел выканаўцы, якія агучылі першыя беларускія нямыя фільмы па праекце «Тузін.Немаўля»: «Re1ikt», Сяргей Пукст, «Tonqixod». З іх жывым музычным суправаджэннем будуць паказаныя фільмы «У агні народжаная» (1929, Уладзімір Корш-Саблін), «Кастусь Каліноўскі» (1927, Уладзімір Гардзін), «Нянавісць» (1930, Юрый Тарыч). Таксама ў праграму ўключаны выступ Ягора Забелава («Yegor Zabelov») з музыкай да французскага нямога фільма «Менімальтан» (1926, Дзмітрый Кірсанаў).

Кожны кінаканцэрт будзе складацца з двух аддзяленняў: непасрэдна фільма з жывой агучкай і сэта з аўтарскіх кампазіцый выканаўцы. Арганізатары патлумачылі, што «Кінапалёт» — назва, якая ў жыхароў Віцебска асацыюецца з 1980-і гадамі, калі ў горадзе працаваў дзіцячы кінатэатр «Палёт». Ён размяшчаўся ў самалёце ТУ-134 на Маскоўскім праспекце.

Месцам правядзення мерапрыемстваў арт-праекта стануць пляцоўкі музея «Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва» — выставачная зала на вул. Белабародава, 5 і «Арт-прастора Талстога, 7». У апошняй 5 снежня адбудзецца прэзентацыя выставы «250», прысвечанай 250-годдзя кампазітара і вядомага грамадскага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага. Прычым гэтая выстава многоформатная: яна ўключае фільм, музыку, скульптуру і тры фотагісторыі.