Уладзіміру Мулявіну сёння б споўнілася 80 гадоў

Легендарны «пясняр» пайшоў з жыцця ў 2003-м.

101_vpbd782.webp

Сёння заснавальніку і кіраўніку легендарнага беларускага ансамбля «Песняры» Уладзіміру Мулявіну споўнілася б 80 гадоў.

Артыст, спявак, кампазітар, народны артыст Беларусі (1979), народны артыст СССР (1990), Уладзімір Мулявін нарадзіўся 12 студзеня 1941 года ў Свярдлоўску. У дзіцячым узросце пачаў захапляцца музыкай і ў 1956 годзе — пасля школы — паступіў у Свярдлоўскае музычнае вучылішча, на аддзяленне струнных народных інструментаў.

У 1963 годзе прыехаў на працу ў Беларускую дзяржаўную філармонію, дзе і заснаваў ансамбль «Песняры». Гурт хутка стаў знакаміты, прычым не толькі ў Саюзе, але і ў ЗША, дзе калектыву давялося гастраляваць яшчэ ў 70-я гады.

У творчасці Ўладзіміра Мулявіна своеасаблівае выканальніцкае майстэрства спалучалася з глыбокім веданнем народнай песеннай спадчыны, захаваннем і ўзбагачэннем яе лепшых традыцый. Уладзімір Георгіевіч — аўтар шматлікіх апрацовак беларускіх народных песень, якія вызначылі стыль і творчую накіраванасць ансамбля, арганічна спалучаюць стылістыку беларускай народнай песеннасці і эстраднай музыкі («Касіў Ясь канюшыну», «Па ваду ішла», «А ў месяцы верасні», «Рэчанька», «Купалінка», «Перапёлачка», «А ў полі вярба», «Каліна» і інш.). Сярод яго твораў — опера-прытча «Песня пра долю» (1972), вакальны цыкл «Я не паэта…» (1981) і песенна-інструментальная кампазіцыя «Песня — бясцэнны дар» (1982) на словы Я. Купалы, музычны спектакль «На ўвесь голас» на словы У. Маякоўскага (1988), песенна-інструментальныя кампазіцыі «Ванька-Устанька» на словы Я. Еўтушэнкі (1975), «Праз усю вайну» на словы беларускіх і расійскіх паэтаў (1985), «Вянок Багдановічу» на вершы М. Багдановіча (1991), вакальная кампазіцыя «Крык птушкі» на словы Ю. Рыбчынскага, песні «Александрына», «Завушніцы», «Чырвона ружа», «Ой, калядачкі», «Балада пра чатырох заложнікаў», музыка да драматычных спектакляў і кінафільмаў. І многія-многія іншыя.

14 мая 2002 года Уладзімір Мулявін трапіў у аўтакатастрофу. Праз 8 месяцаў, 26 студзеня, ён памёр у Маскве ў шпіталі імя Бурдэнкі.