Уласнік «Пятага элемента» выкупіў дом Караткевіча ў Оршы, каб перадаць яго музею
Дом Уладзіміра Караткевіча ў Оршы, які быў выстаўлены на продаж летам 2018 года, нарэшце знайшоў новага гаспадара.
Як стала вядома «Нашай Ніве», збудаванне выкупіў уладальнік сеткі крамаў «Пяты элемент» Андрэй Балабін.
Інфармацыю пацвердзіў былы намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама па ідэалогіі Алег Смірноўскі, які быў даверанай асобай бізнэсмена падчас ажыццяўлення ўгоды.
Балабін — ураджэнец Оршы. Ён адвучыўся ў аршанскай СШ №7, пасля скончыў Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча і паступіў у Мінскае вышэйшае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча.
У рэйтынгу самых паспяховых і ўплывовых бізнэсменаў Беларусі ён займае 133-е месца. У найлепшыя гады Балабін уваходзіў у топ-30 бізнэсменаў.
Раней дом, дзе Уладзімір Караткевіч напісаў аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха», дзе гасцявалі Бураўкін і Барадулін, належаў сям'і пляменніцы пісьменніка. Апошнім часам у ім жыў яе муж Юрый Барабаш. Пасля яго смерці дом перайшоў дачцэ, але яна жыве ў Адэсе.
Яна выставіла дом на продаж за 33 832 рублі, аднак Балабіну ўдалося купіць за менш як утрая. Кошт угоды — каля 10800 рублёў.
Алег Смірноўскі заверыў «НН», што цяпер дом дакладна не будзе знесены.
«НН»: А ці перададуць яго музею?
Алег Смірноўскі: Гэтага я вам сказаць не магу. Але добра, што ёсць людзі, якія падтрымліваюць нашу культуру.
Звязацца з новым уласнікам дома Караткевіча «Нашай Ніве» пакуль не удалося.