Упершыню на беларускай мове — усе тры гісторыі пра Малога і Карлсана!

Кнігі знакамітай шведскай казачніцы Астрыд Ліндгрэн даўно сталі класікай дзіцячай літаратуры, іх любяць і дарослыя, і дзеткі ва ўсім свеце.

img_3387_500x500.jpg

Героі знаёмяцца, гарэзнічаюць, хітруюць і самастойна перамагаюць зладзеяў. Ім бывае самотна і страшна, але яны знаходзяць выйсце з самых складаных сітуацый. Гумар, займальнасць і незвычайная чуласць да дзіцячай душы — адметнасць кніг пісьменніцы.

Хацелася, каб кнігі загучалі на беларускай мове адметна і запамінальна. І перакладчыца Алеся Башарымава выдатна справілася з гэтай задачай.

Спадзяёмся, беларускія дзеткі будуць чытаць гэтыя кніжкі з задавальненнем і рагатаць. Нейкі таўсматы дзядзечка сапсаваў паравую машыну ці выкінуў крэсла праз акно? Не пераймайцеся, гэта з’ява банальная!

Вашы бацькі нанялі ахмістрыню, каб займалася гаспадаркай і сачыла за вамі? Ды гэта сапраўдная Страхмістрыня, не пашкодзіць ёй трошкі паназаляць. Ці нават панаДЗаляць, гэта куды эфектыўней…

 

 

Выданні дапоўнены ілюстрацыямі ўкраінскага мастака Арсена Джанік’яна, якія зробяць чытанне яшчэ цікавейшым.

Кніжкі адрасуюцца дзеткам малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. Выдаўцы паклапаціліся, каб дзіцячым вочкам было зручна. Так што смела можна браць гэтыя выданні для пазакласнага чытання.

Але гісторыі з задавальненнем паслухаюць і дашкольнікі, а дарослыя змогуць чытаць іх патаемна ад дзяцей.

karlsan_khitrue_zno_astryd_lindgren.jpg


 Запрашаем на прэзентацыі кніг Астрыд Лінгрэн пра Малога і Карлсана!

Імпрэзы адбудуццаў нядзелю, 9 лютага:

Мінская кніжная выстава. З 10.30 да 11.30 — сустрэча з перакладчыцай кніг Алесяй Башарымавай. Цэнтральная пляцоўка Мінскай кніжнай выставы, якая будзе праходзіць у НВЦ “БелЭкспа” па праспекце Пераможцаў, 14.

Дом кнігі "Светач" 16.00 – старт продажаў і прэзентацыя трэцяй кнігі — "Карлсан хітруе зноў" — у Доме кнігі "Светач" па адрасе праспект Пераможцаў, 11. У праграме — чытанні, гульні. Спецыяльны госць — Віктар Іваноў, разам з якім дзеткі заспяваюць песню Карлсана.

 

Паводле прэс-рэлізу