Узнагароджанне лаўрэатаў конкурсу дзіцячай літаратуры “Экслібрыс” імя Янкі Маўра

Урачыстае ўзнагароджанне лаўрэатаў конкурсу дзіцячай літаратуры “Экслібрыс” імя Янкі Маўра адбудзецца 12 кастрычніка ў галерэі сучаснага мастацтва “Ў” (пр. Незалежнасці, 37А). Пачатак у 18.00.



dva_maury1.jpg

Урыўкі са сваіх тэкстаў пачытаюць пераможца Вольга Гапеева і фіналісты: Сяргей Календа, Павел Касцюкевіч, Надзея Кандрусевіч, Алесь Квіткевіч, Глеб Лабадзенка, Элеанора Ляхновіч, Мілана Пасанен, Наталля Рудак, Ксенія Шталенкова. Уладальніцу 2-га месца Дар’ю Вашкевіч  прадставіць мастак Алена Медзякова, якая ілюстравала кнігу Дар’і. Пра пераклад Сяржука Мядзведзева, які заняў 3 месца, раскажа Уладзімір Лянкевіч.

У наведнікаў вечарыны будзе магчымасць задаць пытанні сябрам журы конкурсу: Алене Масла, Людміле Рублеўскай, Алесю Пашкевічу, Пятру Васючэнку, Сержу Мінскевічу.

У вечарыне возьмуць удзел ганаровыя госці:

Эва Суса, аўтар кнігі для дзяцей “Снежны чалавек”, якая выйшла нядаўна ў новай серыі “Каляровы ровар”, заснаванай ГА “СБП”, і Гунар Ардэліюс, старшыня Шведскага саюза пісьменнікаў.

Усе фіналісты атрымаюць дыпломы ад сябраў журы і памятныя падарункі ад арганізатараў. Каштоўныя прызы пераможцам уручыць прадстаўнік  інтэрнэт-крамы электронных кніг ebooks.prestigioplaza.com. Аўтарку пераможнай казкі “Сумны суп” чакае новая мадэль планшэта Prestigio MultiPad 8.0 3G Note. Уладальнікі другога і трэцяга месца атрымаюць рыдэры Prestigio на электронных чарнілах. Спецыяльны прыз ад партнёраў конкурсу чакае 13-гадовую Мілану Пасанен, якая сталася самым нечаканым адкрыццём конкурсу.

Таксама ў праграме — акустычны выступ гурта “Верасень”.

Вядоўца вечарыны — Усевалад Сцебурака.

Пра конкурс:

Конкурс “Экслібрыс” сёлета быў прысвечаны дзіцячай літаратуры. Усяго на конкурс прыйшло 117 заявак.Сярод удзельнікаў — жыхары Беларусі, Расіі, Украіны, Балгарыі ва ўзросце да 40 гадоў. Канкурсанты прапанавалі творы ў самых розных жанрах — казкі і п’есы ў вершах, тэксты песень для дзяцей, апавяданні ў стылі фантастыкі, фэнтэзі або на аснове фальклору, коміксы, ілюстраваныя аповесці і раманы і нават цэлыя праекты кніг.

Арганізатарамі конкурсу выступілі ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і беларускі ПЭН-цэнтр.

Прэс-служба ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”