Вайцюшкевіч выступіць з песнямі на вершы Алеся Камоцкага

Зміцер Вайцюшкевіч выканае лепшыя песні на вершы Алеся Камоцкага, у тым ліку вядомыя ўсім «Раскажы мне пра дождж», «Я ішоў да цябе» ды шматлікія іншыя. Канцэрт адбудзецца 31 траўня ў малой зале КЗ «Мінск».

Фота: Таццяна Менская

Фота: Таццяна Менская

Альбом «Паравіны году» (2003) на вершы Алеся Камоцкага стаў паваротным момантам у кар’еры Змітра Вайцюшкевіча. Менавіта на ім да таго часу пераважна фолкавы экс-удзельнік гуртоў «Палац» і Kriwi ператварыўся ў майстра сардэчнай лірыкі і тонкага інтэрпрэтатара беларускай паэзіі.
Ужо пасля таго дзякуючы перакладам Камоцкага ў выкананні Вайцюшкевіча на беларускай загучалі вершы японскіх паэтаў, а таксама вядомыя італьянскія і французскія песні, у тым ліку «Bella Ciao», «Ne me quitte pas» (Жак Брэль).  
— У гэтым годзе ўвосень споўніцца 15 гадоў альбому «Паравіны году», а ў чэрвені — 60 гадоў Алесю Камоцкаму, які ў творчым сэнсе стаў хросным бацькам таго Вайцюшкевіча, якога вы ведаеце зараз. Гэта добрая нагода для ўтульнага лірычнага канцэрта, падчас якога некалькі песень мы выканаем разам з Алесем, — кажа Зміцер Вайцюшкевіч.
Акампанаваць Войцюшкевічу і Камоцкаму будуць Канстанцін Гарачы (клавішныя) і Аляксандр Шувалаў (баян). 

vajciushkievich_afisha_kamocki.jpg