Вiктар Шалкевiч прадставіць праграму «З вышынi 59 years old»

Канцэрт барда Вiктара Шалкевiча «З вышынi 59 years old» адбудзецца 10 лютага ў малой зале КЗ «Мiнск».

szalkevicz_h.jpg


Цікавае супадзенне: канцэрт выпаў на наступны дзень пасля дня нараджэння барда. 
З гэтай нагоды Вiктар Шалкевіч кажа: «Гэта адзіная зручная дата, якую нам запрапанавала КЗ Мінск. Канцэрт робіцца раз у год, гэта, хутчэй за ўсё, сігнал маім гледачам і слухачам: «Я жывы і здаровы, прыходзьце!». Калі яны прыходзяць, гэта таксама азначае, што яны жывыя і здаровыя, і тады канцэрт можна пачынаць. На кожным канцэрце бывае нешта новае і цікавае, і гэты канцэрт выключэннем не стане. Разам са мною выступяць піяніст Анатоль Кандыба і гітарыст Юры Хілавец — гэта мае старыя добрыя сябры і прыстойныя музыкі!
У мінулым годзе я запісаў на студыі гукарэжысёра Вячаслава Банкевіча ў Баранавічах новы альбом, ён выйдзе ў гэтым годзе, а калі і як ён будзе называцца залежыць ад выдаўцоў і мастака Алеся Сурава. Магчыма, у гэтым годзе выйдзе калядная опера «Галілейская гісторыя»!»
Вiктар Шалкевiч плануе ў гэтым годзе два вельмі далёкія падарожжы, а з імі і канцэрты.