Віктар Шалкевіч: «У гэтым альбоме ёсць усё, чаго прагне мая душа»
Знакаміты гродзенскі бард Віктар Шалкевіч святкуе 60-годдзе. З гэтай нагоды свет пабачыў падвоены альбом «Viktar Šalkievič», які падсумоўвае чарговы этап творчасці маэстра.

Першая прэзентацыя альбому мае адбыцца 16 лютага на канцэрце ў Менску, а таксама 27 лютага ў Гродне.
Альбом складзены з двух кружэлак: “Такая доўгая зіма” і “Балады. Найлепшае”
На дыску “Такая доўгая зіма” — 9 твораў, якія суправаджае шчыры аўтарскі маналог. Віктар Шалкевіч сам вядзе нас па сваім жыцці: падарожжам, нечаканым сустрэчам, каханні, эмоцыя і надзеям. А ў гэты свет знакаміты гарадзенскі бард дапускае не кожнага.
— У гэтым альбоме ёсць усё, чаго прагне мая душа. Я пісаў яго не дзеля таго, каб камусьці спадабацца, я не ганюся за модай, якая ўсё адно зменіцца. Я вельмі хацеў, каб гэты альбом атрымаўся праўдзівым і “маім”, — прыадчыняе таямніцу Віктар Шалкевіч.

У другі дыск альбому, “Балады. Найлепшае”, увайшлі 14 хітоў Віктара Шалкевіча ад “Шалёнай” да “Правінцыі” і “Смутнага беларускага блюзу”.
Альбом “Viktar Šalkievič” — гэта сапраўдная перліна для аматараў творчасці Віктара Шалкевіча. Альбом выдадзены пры падтрымцы гродзенскага Цэнтра гарадскога жыцця. Фундатарамі выдання сталі гарадзенскія сябры барда.
