Выйшаў 13-ы нумар “ПрайдзіСвета” — “Прывід аўтара”
У новым нумары інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет” (http://prajdzisvet.org/) змешчаныя творы такіх знаных класікаў сусветнай літаратуры, як Франц Кафка, Джордж Оруэл, Чэслаў Мілаш, Жузэ Сарамагу, Эдгар Алан По, Томас Стэрнз Эліят, Іосіф Бродскі і інш.
Эсэістыка, публіцыстыка, інтэрв’ю, нобелеўскія лекцыі, вершы, прысвечаныя асобе пісьменніка, працэсу стварэння мастацкага твора, чытанню і небяспекам, што яно часам прыносіць, былі абраныя рэдакцыяй як асноўная тэма новага нумару “Прывід аўтара”.
Некаторыя з тэкстаў ужо выходзілі раней у беларускім перыядычным друку, аднак у інтэрнэце дагэтуль не былі прадстаўленыя.
З прадмовы да нумару:
“Адны чытачы забываюць пра існаванне аўтара, ледзь загарнуўшы кнігу (а хтосьці — яшчэ да таго, як яе разгорне), іншыя ж могуць аўтара ўзненавідзець, закахацца ў яго ці да канца
свайго жыцця з ім палемізаваць. І гэта няпраўда, што аўтар, які памёр гадоў так сто пяцьдзясят таму, не будзе ім адказваць.
…Таямніца, якой і аўтары, і іх прывіды дзеляцца нашмат больш ахвотна, — гэта рэцэпты напісання добрых вершаў ці раманаў альбо гісторыі пра свае заблытаныя стасункі з чытачом, ці з музай, ці з грамадствам. Адкрывацца гэтая таямніца можа па-рознаму — ад прыватных лістоў і дзённікаў да прадмоваў, пасляслоўяў і сур’ёзных літаратуразнаўчых артыкулаў.
У творах такога кшталту, як і ў іх чытачах, недахопу не было ніколі, бо і самі пісьменнікі, і іх прыхільнікі часам хочуць зразумець, як гэта — сесці і напісаць кнігу. Ці сесці і прачытаць кнігу. А часам нават самому твору робіцца цікава: як жа я зроблены?”
Часопіс выдаецца толькі ў электронным выглядзе. Азнаёміцца са зместам, а таксама пачытаць і спампаваць творы, прадстаўленыя ў 13-м нумары “ПрайдзіСвета”, можна па спасылцы: http://prajdzisvet.org/archive/13.html.
Рэдакцыя часопіса “ПрайдзіСвет”